Напярэдадні суд польскага гораду Катовіцэ прызнаў невінаватымі міліцыянтаў, якія ў 1981 годзе ў часе падаўленьня страйку рабочых Катовіцкай шахты “Вуек” ужылі аўтаматычную зброю.
Страйк пачаўся 14 сьнежня, праз два дні пасьля абвяшчэньня ў Польшчы ваеннага стану. Шахцёры патрабавалі адмены ваеннага стану, а таксама вызваленьня лідэра мясцовай суполкі прафсаюзу “Салідарнасьць”, арыштаванага напярэдадні.
Міліцыянты пасьля некалькіх няўдалых спробаў супакоіць страйкоўцаў ужылі танкі, каб праламаць сьцяну шахты, а потым пачалі з аўтаматаў страляць ва ўзброеных цаглінамі ды кіямі рабочых. У выніку ўрадавыя сілы забілі дзевяцёх і цяжка паранілі дваццаць аднаго шахцёра.
Цяпер на лаве падсудных апынуліся 22 міліцыянты. У часе судовага працэсу яны цьвердзілі, што цэлілі выключна ў паветра, а шахцёраў забіў нехта іншы – магчыма, спэцслужбы.
Да вялікага зьдзіўленьня польскай грамадзкасьці, суд прызнаў аргумэнты падсудных слушнымі. Паводле судзьдзі Аляксандры Роткель, “міліцыянты падпарадкоўваліся Дэкрэту аб ваенным стане і толькі выконвалі загады, тым больш, што няма адназначных доказаў, што яны цэлілі непасрэдна ў шахцёраў”.
“Суд апраўдаў забойцаў і не прыслухаўся да словаў ахвяраў”, – кажуць сваякі загіблых, іхныя калегі і сьведкі тых падзеяў. Яны катэгарычна нязгодныя з судовым выракам ды маюць намер зьвярнуцца ў Вярхоўны суд краіны, а калі спатрэбіцца – і ў міжнародныя судовыя інстанцыі.
Тымчасам працягваюцца слуханьні ў справе забойства 44-х рабочых Гданьскай вэрфі ў сьнежні 71 году. Сярод падсудных – генэрал Войцэх Ярузэльскі, які ў той час займаў пасаду міністра абароны Польскай Народнай Рэспублікі ды фактычна быў кіраўніком карных захадаў супраць удзельнікаў страйку.
30 гадоў таму, пасьля гвалтоўнага падвышэньня цэнаў, у прыморскіх раёнах Польшчы выбухнуў шэраг страйкаў рабочых. Супраць іх улады ўжылі спэцыяльныя аддзелы міліцыі ды жаўнераў, якія стралялі проста ў страйкоўцаў.
Усе сямёра падсудных, у тым ліку генэрал Ярузэльскі і былы віцэ-прэм’ер камуністычнага ўраду Станіслаў Кацёлэк, вінаватымі сябе ня лічаць.
Паводле Ярузэльскага, Канстытуцыю ён не парушыў і загаду страляць не даваў. Прамаўляючы ў судзе, Ярузэльскі назваў рашэньне тагачаснага кіраўніка Народнай Польшчы Ўладзіслава Гамулкі ўжыць зброю памылковым і амаральным.
Аднак удзельнікі тых падзеяў ды сваякі забітых рабочых гавораць, што маючы ахвоту, міністар абароны мог бы не дапусьціць выкананьня вайскоўцамі супрацьзаконных загадаў.
Сваякі ды сябры пацярпелых таксама не хаваюць свайго задавальненьня тым, што хай сабе і праз 30 гадоў, аднак справядлівасьць будзе адноўленая, і забойцаў належным чынам пакараюць.
Паводле польскіх законаў, Войцэху Ярузэльскаму і ягоным былым калегам пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.