АМЭРЫКАНСКІ ПАТРЫЯТЫЗМ УКЛЮЧАЕ Ў СЯБЕ І ПРАВА НА ПРАТЭСТ

Віталь Тарас, Прага

Джырэці даводзіць, што права на пратэст ёсьць ня толькі часткай амэрыканскай дэмакратыі, але і падставай сапраўднага патрыятызму грамадзянаў ЗША.

Аўтар публікацыі распавядае пра “Асамблею патрыятызму”, зарганізаванаю некалькімі студэнтамі Амгерст каледжу на мінулым тыдні. Асамблея ператварылася ў шырокую дыскусію на тэму – што значыць быць амэрыканцам? Студэнты й выкладчыкі рознага ўзросту, нацыянальнасьці, розных палітычных поглядаў выказвалі адрозныя меркаваньні, але ў адным яны сыходзіліся: амэрыканская дэмакратыя ёсьць вялікая рэч, якой можна ганарыцца.

Як сказаў адзін прафэсар, “для адных патрыятызм азначае насіць выяву сьцяга ЗША на лацкане, для іншых – гэта магчымасьць спаліць сьцяг. Але і тым і іншым пашчасьціла жыць у краіне, дзе існуюць абедзьве гэтыя магчымасьці”.

Калі дыскусія скончылася, некалькі дэманстрантаў нечакана падпалілі маленькія сьцягі, якія трымалі ў руках. Перш чым нехта пасьпеў нешта сказаць, полымя гэтаксама нечакана зьнікла: яго пагасілі самі дэманстранты.

Натоўп моўчкі глядзеў на іх, цалкам шакаваны і зьбянтэжаны. Характэрна, што дэманстрантаў не цікавіла дыскусія – яны не папярэдзілі, што збьіраюцца рабіць і чаму. Яны адмовіліся назваць свае імёны.

Студэнты-арганізатары былі засмучаныя тым, што здарылася. Больш за дзесяць юных выпускнікоў каледжу і блізкіх крэўных студэнтаў каледжу загінулі ў Уорлд Трэйд Цэнтры і Пэнтагоне. Сястра аднаго з загіблых выступіла з цудоўнай прамовай пра тое, які гнеў яна адчула ад таго, што здарылася з Амэрыкай 11 верасьня. Празь некалькі дзён яна зноў адчула гонар за свабоду і плюралізм, якія пануюць у краіне.

Але нават цяпер, і менавіта цяпер, калі ЗША атакаваныя тэрарыстамі, мы павінны гаварыць пра наш патрыятызм з асьцярожнасьцю, – лічыць Том Джырэці. Гэтае пачуцьцё ўлучае павагу да права кожнага свабодна і нават са зьнявагай гаварыць пра сваю краіну, яе прынцыпы і палітыку.

Аўтар артыкулу прыводзіць вядомыя словы судзьдзі Холмса пра першую папраўку да Канстытуцыі ЗША, напісаныя ў 1929-м годзе: “Прынцып свабоды выказваньня – ня толькі для тых, хто згодны з намі, але таксама для тых, каго мы ненавідзім”.

Пасьля здарэньня ў каледжы было шмат лістоў і тэлефанаваньняў у падтрымку арганізатараў дыскусіі і з асуджэньнем дэманстрантаў, якія спалілі сьцяг. Адзін ліст прыйшоў электроннай поштай ад марскога дэсантніка, які напісаў, што ён шмат гадоў змагаецца ў тым ліку і за тое, каб яны мелі на гэта права. Менавіта гэта спрабавалі выказаць нашыя студэнты сваёй дыскусіяй, – піша на заканчэньне свайго артыкулу прэзыдэнт Амхерст Каледжу ў газэце Boston Globe.