ЯК АДРЭАГАВАЛІ НА АКЦЫЮ ЗША І ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ СУСЬВЕТНЫЯ ЛІДЭРЫ?

Радыё Свабода.

Прэм’ер-міністар Японіі Юнічыра Коізумі заявіў сёньня ў Токіо:

(Коізумі: ) “Японія моцна падтрымлівае акцыю, якую распачалі ЗША і Вялікая Брытанія”.

Лідэр Пакістану Пэрвэз Мушараф заявіў сёньня ў Ісьлямабадзе на прэс-канфэрэнцыі:

(Мушараф: ) “Гэтая апэрацыя не павінна разглядацца як вайна супраць Афганістану або супраць народу Афганістану – афганцаў. Гэта акцыя супраць тэрарыстаў, тэрарызму, супраць іх сховішчаў і тых, хто іх падтрымлівае … Я ўпэўнены, што не гарады Афганістану зьяўляюцца цэлямі, а толькі лягеры тэрарыстаў, якія могуць знаходзіцца вакол гэтых гарадоў… Пераважная большасьць народу Пакістану стаіць за нашым рашэньнем. Ёсьць некаторыя экстрэмісты, якія імкнуцца да агітацыі. Я ўпэўнены, што мы гэтую агітацыю возьмем пад кантроль і справімся з сытуацыяй”.

Гаўер Саляна, прадстаўнік Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі і бясьпекі, заявіў у Люксэмбургу:

(Саляна: ) “Рэакцыя ЗША і іншых краінаў зьяўляецца легітымным дзеяньнем дзеля знаходжаньня адказных за жахлівы тэрарыстычны акт 11 верастня. Гэтую рэакцыю падтрымлівае Эўразьвяз, і ён мае ў гэтым падтрымку эўрапейскіх народаў”.

Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан заявіў сёньня ў сядзібе НАТО ў Брусэлі.

(Робэртсан: ) “Гэтая апэрацыя не скіраваная супраць народу Афганістану. Яе мэта – удар па лягерах тэрарыстаў Аль-Кайды і па вайсковых аб’ектах талібану”.

Прэм’ер-міністар Малайзіі Магатхір Махамад заявіў сёньня у Куала-Лампуры:

(Махамад: ) “Наколькі я бачу, гэта не атака супраць мусульманаў. Калі б яны атакавалі мусульманаў, дык яны ёсьць па цэлым сьвеце, і яны павінны былі б заатакаваць усіх мусульманаў. Так што іх пазыцыя, на маю думку, вельмі ясная – яны атакуюць тых, каго лічаць тэрарыстамі”.