ЗША НЕ ЗАКЛІКАЛІ САЮЗЬНІКАЎ ДА КАНКРЭТНЫХ ЗАХАДАЎ У БАРАЦЬБЕ З ТЭРАРЫЗМАМ

Радыё Свабода.

Пакуль што ўдзел саюзьнікаў абмяжоўваецца агульнай заявай аб падтрымцы, прынятай на другі дзень пасьля нападаў. Пра навіны ў падрыхтоўцы НАТО да ўдзелу ў антытэрарыстычных акцыях мы гаворым зь Сяргеем Шупам, які сачыў за брусэльскай сустрэчай паводле публікацыяў у друку і паведамленьняў інфармацыйных агенцтваў.

(Караткевіч: ) “Сяргей, дык якую ролю Злучаныя Штаты прапануюць краінам НАТО ў плянаванай акцыі?”

(Шупа: ) “Замест калектыўнага адказу з боку НАТО віцэ-міністар Пол Вулфавіц запрапанаваў саюзьнікам ідэю стварэньня гэтак званых shifting coalitions («рухомых коаліцыяў»), у якіх нейкія краіны маглі б дапамагаць у пэўных апэрацыях, а нейкія іншыя ўдзельнічалі б у нейкай іншай якасьці.

«Для эфэктыўнасьці патрэбная гнуткасьць. Мы мусім прыстасоўвацца да сытуацыі», - зазначыў Вулфавіц. Апісваючы гэтую сытуацыю і магчымую стратэгію, ён ужыў даволі яскравы вобраз - «Мы спрабуем пералавіць усіх зьмеяў у балоце, а сутнасьць стратэгіі ў тым, каб высушыць гэтае балота».

Антытэрарыстычная коаліцыя, сказаў ён, будзе складацца з розных краінаў з розных частак сьвету. Магчыма знойдуцца краіны, якія захочуць дапамагаць Злучаным Штатам прыватна і пад сакрэтам.

«Але калі нам спатрэбяцца калектыўныя дзеяньні – мы папросім аб дапамозе», - запэўніў Вулфавіц. Пакуль што ён сказаў калегам з НАТО, што яны могуць дапамагаць у зборы выведнай інфармацыі і ў пошуках фінансавых рэсурсаў тэрарыстаў.

Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан выказаў упэўненасьць, што калі Злучаным Штатам спатрэбіцца падтрымка, яны па яе прыйдуць і яны яе атрымаюць”.

(Караткевіч: ) “Значыць, сьвет надалей застаецца ў чаканьні – чаканьні адказу Амэрыкі, НАТО на тэрарыстычныя напады?”

(Шупа: ) “Так. І тым часам Пол Вулфавіц заклікаў саюзьнікаў з усёй сур’ёзнасьцю паставіцца да пагрозы магчымага ўжыцьця тэрарыстамі біялягічнай і хімічнай зброі – краіны НАТО мусяць быць да гэтага гатовыя. Ён, дарэчы, зьвярнуў увагу на трывожнае супадзеньне паміж сьпісам дзяржаваў, якія падтрымваюць тэрарыстаў, і тымі, хто распрацоўвае або ўжо мае біялягічную, хімічную або нават і ядзерную зброю. Канкрэтна гэткія краіны названыя не былі, аднак бальшыня ўдзельнікаў сустрэчы лічыць, што перадусім меўся на ўвазе Ірак.

«Спадзяюся, мы ўсе пагаджаемся, што барацьба з тэрарызмам мусіць быць галоўным прыярытэтам альянсу», - заявіў Вулфавіц. «Калі пытаньне ў грашах, якія трэба патраціць на папярэджаньне новых нечаканых трагедыяў, дык мы мусім падумаць пра тысячы забітых людзей і пра эканамічныя страты на сотні мільярдаў і нават трыльёны даляраў».

(Караткевіч: ) “А ці падаў амэрыканскі бок сваім саюзьнікам нейкія вынікі расьсьледаваньня, нейкія канкрэтныя сьведчаньні пра ўдзел у нападах бін Лядэна?”

(Шупа: ) “Віцэ-міністар абароны Злучаных Штатаў пазнаёміў саюзьнікаў зь некаторымі сьведчаньнямі адміністрацыі Буша, якія зьвязваюць Усаму бін Лядэна з тэрарыстычнымі нападамі 11 верасьня. Пасьля сустрэчы Джордж Робэртсан паведаміў, што дачыненьне да нападаў бін Лядэнавай арганізацыі «Аль-Ка’іда» - відавочнае. «Робіцца ўсё больш ясна, што якую б дарогу мы ні абралі – усе яны вядуць да Ўсамы бін Лядэна і «Аль-Ка’іды», - сказаў Робэртсан. Злучаныя Штаты яшчэ не зрабілі канчатковай высновы, аднак сукупнасьць сабраных на гэты момант сьведчаньняў выразна паказваюць кірунак.

Урэшце, яшчэ адзін красамоўны знак таго, як падзеі 11 верасьня паўплывалі на стварэньне новых альянсаў і пераацэнку старых крытэрыяў можна было заўважыць у тым, што генэральны сакратар НАТО Робэртсан знайшоў словы разуменьня для расейскай кампаніі супраць чэчэнскіх паўстанцаў.

«У будучыні паміж Расеяй і НАТО ўсё адно будуць заставацца нейкія разыходжаньні, - зазначыў Робэртсан. ­ Аднак на гэтай сустрэчы выявілася адно – тое, што нас злучае ў супрацьстаяньні тэрарызму, значна большае за тое, што нас дзеліць».

Іваноў і Робэртсан паінфармавалі, што расейская кампанія ў Чэчэніі – якую НАТО дагэтуль востра крытыкавала – на сустрэчы не абмяркоўвалася. Аднак Робэртсан заявіў, што «Расея мае поўнае права абараняць сваю тэрытарыяльную цэласьць».

Падчас сустрэчы з Пуціным нямецкі канцлер Шрэдэр запрапанаваў заходнім краінам перагледзець стаўленьне да расейскай кампаніі ў Чэчэніі ў сьвятле тэрарыстычных нападаў на Злучаныя Штаты.

Злучаныя Штаты заклікалі чэчэнскіх незалежнікаў неадкладна спыніць усе кантакты зь міжнароднымі тэрарыстычнымі групамі. Як заявіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, Злучаныя Штаты дапускаюць, што ў Чэчэніі дзейнічаюць арабскія тэрарысты з арганізацыі Усамы бін Лядэна «Аль-Ка’іда». Разам з тым Буш зазначыў важнасьць таго, каб расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ставіўся да чэчэнцаў з павагай да правоў чалавека і рэлігіі. Раней Злучаныя Штаты неаднаразова крытыкавалі Расею за парушэньні правоў чалавека ў Чэчэніі”.