“Гэта цудоўна, што зараз існуе закон для такіх людзей, як мы,” – сказла Анжэла Гобэлін пасьля таго, як яна ды Верэна Лаппэ пабраліся шлюбам.
Спадарыня Гобэлін ды спадарыня Лаппэ былі адной зь пятнаццаці параў, якія паўсталі перад рэгістратарам гарадзкой управы ў паўночнай Нямэччыне. І пасьля таго, як пары абмяняліся сваімі шлюбнымі парсьцёнкамі, яны калектыўна адсьвяткавалі падзею ружамі, пацалункамі ды сьлязамі.
Чальцы партыі Зялёных “Саюз-90”, кіруючай палітычнай партыі, адзначалі прыняцьцё новага закону з такой радасьцьцю, нібыта і яны знайшлі сабе партнэра на ўсё жыцьцё. Клаўдыя Ротт, адна зь лідэраў партыі, азначыла закон як “вялікі посьпех Зялёных, вялікі посьпех дэмакратыі”.
Дакладная лічба параў, што абмяняліся шлюбнымі клятвамі ў сераду, невядомая, але паводле прыкладных падлікаў іх каля пяцідзесяці. Але ня ўсе гомасэксуалы маглі ў сераду выкарыстаць закон, бо некаторыя рэгіёны Нямеччыны, у тым ліку і Баварыя, не зацьвердзілі яшчэ закон.
На думку ўраду Баварыі, закон замахваецца на сьвятасьць жаніцьбы ды сям’і. Баварыя разам з Саксоніяй зьявярнуліся да Фэдэральнага Канстытуцыйнага Суду, вышэйшай юрыдычнай установы Нямэччыны, з тым, каб той адклаў пачатак дзеяньня закону да тых часоў, пакуль ня будзе прызнана яго абсалютная канстытуцыйнасьць. Суд адхіліў заяву і тым самым даў зялёнае сьвятло цырымоніям, што адбыліся ў сераду. Чакаецца, што пастанова аб правамернасьці закону будьзе выдадзеная пазьней сёлета.
У сьпякотны дзень у Мюнхене, сталіцы Баварыі, два гомасэксуалісты, апранутыя ў фракі, прыйшлі да будынку гарадзкой ратушы, дзе яны хацелі правесьці сваю асабістую цэрэмонію шлюбу. Яны выказалі пратэст супроць плянаў Баварыі. “Усім, апрача нас, дадзенае права жаніцца,” – было напісана на плякаце, які яны трымалі.
Баварыя плянуе прайсьці працэдуру ўвядзеньня закону ўвосень. Улады хочуць прымусіць гомасэксуальныя пары замацоўваць свой саюз у натарыяльных устаноах, якія звычайна займаюцца справамі нерухомай маёмасьці, а не ў рэгіструючых ворганах, дзе замацоўваюць свае шлюбныя повязі гетэрасэксуальныя пары.
Тыя пары, якія мелі магчымасьць скарыстацца вышэйзгаданым законам, атрымалі аднолькавыя правы са “звычайнымі” парамі: яны могуць браць сябе такія ж прозьвішчы, карыстацца такімі ж страхавымі полісамі і спадчыннымі правамі. Яны толькі ня маюць права ўсынаўляць дзяцей. Каб разьвесьціся, гомасэксуалам таксама будзе патрэбнае судовае рашэньне.
Сярод іншых краінаў, якія далі легальны статус гомасэксуальным парам, Данія, Нарвэгія, Францыя, Галяндыя.