ЗА СПРОБУ РАЗАГНАЦЬ ПАРЛЯМЭНТ АДПРАЎЛЕНЫ Ў АДСТАЎКУ ПРЭЗЫДЭНТ ІНДАНЭЗІІ

Валерыя Красоўская, Прага

Месца Вахіда адразу ж заняла віцэ-прэзыдэнт, Мэгаваці Сукарнапутры, 54-гадовая дачка першага прэзыдэнта Інданэзіі. Былая маўклівая хатняя гаспадыня, спадарыня Мэгаваці вырвалася зь цемры, якая аточвала яе, каб зрабіцца адным з самых вядомых палітыкаў краіны і ключавой фігурай апазыцыі падчас гадоў аўтарытарнага рэжыму.

Рашэньне Асамблеі, якое было прынята адзінагалосна 591-м сябрам, зьняць прэзыдэнта зьявілая празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як ён справакаваў канстытуцыйны крызіс. Крызіс стаў вынікам абвяшчэньня Вахідам надзвычайнага становішча і загаду службам бясьпекі закрыць паседжаньне заканадаўчага воргану, якое, дарэчы, зьбіралася з мэтай вызваліць Вахіда ад яго пасады ў сувязі з абвінавачваньмі ў некампэтэнтансьці ды карупцыі.

Паліцыя ды войска адмовіліся выканаць патрабаваньне прэзыдэнта і наадварот паслалі ўзбраенцаў на абарону будынка парлямэнту, дзе перадача ўлады адбылася без аніякіх інцыдэнтаў.

Нягледзячы на тое, што спадар Вахід быў зганьбаваны і прыніжаны, ён заставаўся на сваім месцы ў прэзыдэнцкім палацы і праз прадстаўніка казаў, што не пакіне пасады, бо “упэўнены ў нелегетымнасьці працэдураў парлямэнту”.

Прадстаўнік заявіў, што Вахід разглядае сваё рашэньне распусьціць заканадаўчы ворган як “сьвятую вайну”, скіраваную на абарону нацыі.

Прэзыдэнцкі дарадца сказаў, што спадар Вахід ўсё яшчэ ўпэўнены ў тым, што ён легітымны лідэр краіны, і што ён будьзе спрабаваць пратрымацца ў палацы некалькі дзён.

Здаецца, гэта не вельмі турбуе спадарыню Мэгаваці. Яна вярнулася ў свой віцэ-прэзыдэнцкі офіс пасьля таго, як перад задаволенымі заканадаўцамі прыняла прысягу ў якасьці пятага прэзыдэнта Інданэзіі. Праз дьзьве гадзіны пасьля прысягі Сукарнапутры выдала свой першы ўказ – распусьціць кабінет спадара Вахіда.

У прамове Мэгаваці Сукарнапутры зьвярнулася да жыхароў Інданэзіі з заклікам забыць пра непаразуменьні і прыняць яе як новага лідэра краіны.

“Я заклікаю ўсе партыі прыняць гэты дэмакратычна працэс з чыстым сумленьнем, - сказала Мэгаваці Сукарнапутры. – Гэта – голас народу, які мы павінны падтрымаць.”

Нягледзячы на яе абмежаваныя інтарэсы, заканадаўцы выказваюць упэўненасьць, што яна будзе лепшым за Вахіда прэзыдэнтам.