НОВЫ СКАНДАЛ ПАМІЖ ЗША І РАСЕЯЙ

Юры Дракахруст, Прага


Інафармацыя пра сакрэтны тунэль для падслухоўваньня расейскай амбасады ўпершыню зьявілася ў нядзельным нумары New York Times. Паводле выданьня, інфармацыю пра гэта перадаў расейскім спэцслужбам Робэрт Хансэн – супрацоўнік ФБР, арыштаваны ў мінулым месяцы па падазрэньні ў шпіянажы. У панядзелак, на наступны дзень пасьля зьяўленьня сэнсацыйнага паведамленьня ў New York Times, у МЗС Расеі быў выкліканы часовы павераны ў справах ЗША , ад якога запатрабавалі тлумачэньняў.

“Калі гэтыя паведамленьні пацьвердзяцца, можа стаць пытаньне пра грубае парушэньне агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права, якія дзейнічаюць ва ўсім сьвеце ў адносінах да замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў,” – гаворыцца ў заяве МЗС Расеі.

Расейская “Независимая газета” бачыць у гэтай рэзкай заяве пэўныя хітрыкі, бо пра існаваньне тунэлю расейскі бок ведаў даўно. Паводле дадзеных сьледзтва, Хансен працаваў на Маскву больш за 15 гадоў. Да таго ж, як высьвятляецца, патаемная пабудова пад расейскай амбасадай у Вашынгтоне ўжо гадоў шэсьць як не працуе.

Газэта Washington Post адзначае, што тунэль быў пабудаваны ў канцы 70-х-пачатку-80-х гадоў з мэтаю падслухоўваньня і выкарыстоўваўся да сярэдзіны 90-х гадоў, калі паводле Washington Post, ЦРУ высьветліла, што атрыманая пры дапамозе тунэлю інфармацыя не адпавядае сапраўднасьці. Газэта адзначае, што гэты праект каштаваў дзясяткі, а, магчыма, і сотні мільёнаў даляраў і лічыўся адным з самых вялікіх амэрыканскіх сакрэтаў. Але ўжо на пачатку 90-х гадоў у амэрыканскіх спэцслужбаў узьніклі падазрэньні, што перахопленыя праз тунэль паведамленьні – дэзынфармацыя. Хутчэй за ўсё, расейцы, даведаўшыся пра існаваньне тунэлю, правялі контрапэрацыю, зрабіўшы гэтае абсталяваньне бясплённым.

Падобныя гульні спэцслужбаў – ня першы выпадак у гісторыі. У 50-х гадох ЦРУ прарыла тунэль з Заходняга Бэрліну ва Ўсходні і падключылася да савецкага сакрэтнага тэлефонага кабелю. Але КДБ праз свайго агента ў брытанскай разьведцы Джорджа Блэйка даведаўся пра гэта і пачаў “карміць” ЦРУ па кабелю дэзынфармацыяй. У сваю чаргу і КДБ у канцы 70-х гадоў начыніў новы будынак амэрыканскай амбасады у Маскве прыстасаваньнямі для падслухоўваньня. Праўда, у 1991 годзе савецкі бок ў якасьці жэсту добрай волі перадаў амэрыканцам схемы падслухоўваньня.

Калі зьвяртацца да беларускага досьведу, то варта прыгадаць, як у 1996 годзе напярэдадні рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка публічна распавядаў, пра што размаўлялі амбасадары краінаў НАТА на сваёй закрытай нарадзе.

Наяўнасьць тунэлю пад расейскай амбасадай у прынцыпе не адмаўляюць і афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі. Віцэ-прэзыдэнт ЗША Рычард Чэйні у інтэрвію тэлекампаніі CVS сказаў, што такая пабудова была цалкам магчымая, хаця інфармацыю і варта правераць.
Прэсавы сакратар прэзыдэнта ЗША Ары Флайшэр адмовіўся камэнтаваць паведамленьні пра тунэль, але выказаў спадзяваньне, што гэты інцыдэнт не азмрочыць амэрыкана-расейскія адносіны.