Інструмэнтальная п’еса “That’s a Plenty”. Музыка Л.Полака, аранжыроўка Д.Кінсайда. Ансамбль “Рэтра-джаз”. Дэма-запіс, кастрычнік, 2002


Не перастаю зьдзіўляцца. Не перастаю зьдзіўляцца таму, колькі ж на нашай зямлі людзей таленавітых у самых розных галінах. А паколькі вы слухаеце праграму “Мэлёдыя дня”, гэта азначае, што маё зьдзіўленьне датычыць гэтым разам менавіта музыкантаў.

Вось ужо каторы тыдзень я пачынаю са знаёмства з дэбютантамі наше праграмы. Прычым, што найбольш цікава, чым далей, тым гэтых дэбютантаў усё болей і болей. Гэтым разам прагучыць запіс, зроблены ня ў Менску, а ў Салігорску. Тым большае маё зьдзіўленьне з гэтае нагоды.

Тое, што ў Салігорску можа знайсьціся выканаўца папулярнай музыкі, здольны зрабіць даволі якасны ды цікавы запіс, я амаль не сумняваюся. Тое ж датычыць і якой рок-групы. Але каб у Салігорску існаваў, выступаў ды нават запісваўся джаз-бэнд, гэта, згадзіцеся, сапраўды незвычайна.

Гаворка ідзе пра ансамбль ”Рэтра-джаз” пад кіраўніцтвам Івана Бялькевіча. Мне вядома, што ў аснове калектыву — выкладчыкі мясцовай дзіцячай музычнай школы, ансамбль выступае ў стылі дыксылэнд, выконваючы найбольш папулярныя п’есы гэтага гатунку ў клясычных аранжыроўках. П’еса “That’s A Plenty”, “Колькі заўгодна” Лью Полак напісаў у 1924 годзе ў Амэрыцы, а запісалі яе беларускія музыканты сёлета ў мінулым месяцы ў Салігорску.

Канечне, запіс напэўна мог быць і лепшы, а выкананьне клясычных аранжыровак — гэта, зразумела, неабходны этап у сталеньні кожнага калектыву, які выконвае традыцыйны джаз. Аднак сам па сабе факт, што на, прабачце, музычнай правінцыі існуе, а, значыць, запатрабаваны такі калектыў, лішні раз сьведчыць пра тое, што зьдзіўляцца колькасьці апантаных, сапраўды таленавітых людзей, бадай, ужо і ня варта.

Зьміцер Падбярэскі