Інструмэнтальная п’еса “Салярыс”. Музыка і выкананьне — К.Драпеза. Альбом “За ліхімі за марозамі”, “Ковчег”, 2001


Што б там ні казалі, але галоўнае ў песьні — гэта ўсё ж слова. Слова ў песьні ня мае аніякага значэньня тады, калі гаворка ідзе пра гіт. А гіт — гэта такая рэч, якая прыносіць папулярнасьць і грошы безь ніякай часам дапамогі ўласна музыкі ды тэксту.

Прычынай гэтых развагаў зьявілася назіраньне за падзеямі ў айчынным і блізкім нам геаграфічна музычным шоў-бізнэсе, у якім слова “песьня” ўсё часьцей замяняецца словам “прадукт”. А гэта збольшага азначае адно: чым меней музыкі, меней сэнсу ў тым, што сьпяваецца, тым больш канкурэнтаздольны робіцца той самы прадукт.

На шчасьце, у Беларусі гэтая зьява яшчэ не набыла характару эпідэміі, хоць пэўныя яе праявы, безумоўна, назіраюцца. Аднак у нас дагэтуль, як правіла, людзі, што засьведчылі сябе на эстрадзе, здольныя выказвацца па-сапраўднаму, не стасуючы ў творчасьці нейкія штучныя заменьнікі.

Прыклад — дуэт з Барысава “Аляксандра і Канстанцін”, якія робяць музыку самі, абапіраючыся на ўласны досьвед і спадчыну народнае творчасьці. А калі ўзьнікае на тое патрэба, здольныя даказаць узровень пераканальна. Так, у студыі, падчас канцэртаў яны зьвяртаюцца па дапамогу да калегаў, аднак і сола могуць паказаць уласны патэнцыял.

Канстанцін Драпеза, дарэчы, зрабіў тое на дэбютным дыску дуэта, для якога запісаў аўтарскую п’есу “Салярыс”. Простая гітарная музыка, якая, аднак, сьведчыць: Канстанцін — гэта ўмелы, прафэсійны музыкант, які мае што сказаць. Нават калі словаў няма. Запіс 2001 году, “Салярыс”.

Зьміцер Падбярэскі