Народная песьня “Ой, сівы конь бяжыць”. Вакальная група “Jam Voice”. Апрацоўка “Jam Voice”. Дэма-запіс, 2002


Кажуць, што панядзелак — дзень цяжкі. Але толькі не для праграмы “Мэлёдыя дня”. Асабліва ў тых выпадках, калі менавіта ў панядзелак надараецца магчымасьць пазнаёміць вас з тымі маладымі выканаўцамі, якія толькі пачынаюць прафэсійны шлях.

Менавіта такі, дэбютны запіс мы будзем слухаць сёньня. Народная песьня “Ой, сівы конь бяжыць” прагучыць у выкананьні калектыву, запісы якога, гарантую, у беларускім эфіры яшчэ не гучалі. Гаворка ідзе пра вакальную мужчынскую групу “Jam Voice”, інфармацыі пра якую ў мяне, прызнацца, пакуль няшмат.

Ведаю толькі, што складаецца яна са студэнтаў Менскай музычнай вучэльні, што гэты праект для маладых сьпевакоў — нешта накшталт гобі, чым, магчыма, і можна растлумачыць даволі традыцыйны як для пачаткоўцаў рэпэртуар першай сэсіі ў студыі.

Сьпета, заўважу, прафэсійна, зладжана, хоць у цэлым нейкіх спробаў выйсьці па-за традыцыю няма. Пакуль няма — заўважу. Бо традыцыя сучасных акапэльных сьпеваў у Беларусі маецца добрая. Дастаткова згадаць вакальную групу “Камэрата”, мужчынскі хор “Унія” Кірылы Насаева з даволі нетрадыцыйным рэпэртуарам, іншыя калектывы.

Дый вопыт суседзяў, як хоць бы бліскучай, віртуёзнай групы “Man Sound” з Кіева, безумоўна, можа дапамагчы нашым дэбютантам, па-першае, замацаваць уменьне акапэльных сьпеваў; па-другое, напэўна падкажа, чаго ня варта рабіць, каб ня быць падобнымі на папярэднікаў. А там — наперад, хоць так, хоць на сівым кані, але посьпех не прымусіць на сябе чакаць. “Jam Voice”, дэбют, запіс гэтага году.

Зьміцер Падбярэскі