Палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”. Варшаўскі камэрны аркестр п/к М.Сэвена. Музыка М.К.Агінскага. Альбом “Скарбы польскай музыкі”, “Sound-Pol”, год выданьня невядомы


Кожны, бадай, народ мае мэлёдыі, якія большасьцю людзей успрымаюцца як пэўны нацыянальны сымбаль. Зусім не абавязкова тыя мэлёдыі зьяўляюцца нацыянальнымі гімнамі. Іх хутчэй можна называць духоўнымі гімнамі, творамі, якія абуджаюць у кожным, хто іх чуе, самыя патрыятычныя пачуцьці.

Завяршаецца чарговы восеньскі тыдзень, час нагадаць, якой музыкай ён быў напоўнены ў эфіры Радыё Свабода. Песьняй “Ой, рана на Йвана” ансамбль “Песьняры” даў урок вакалу лідэрам размаітых гіт-парадаў, група “Рагнеда” амэрыканізавала папулярную песьню “Ад панядзелка да панядзелка”, а Зьміцер Яўтуховіч крыху беларусізаваў амэрыканскі джаз п’есай “Восеньская элегія”. Кася Камоцкая і “Новае неба” зрабілі важкі ўнёсак у патрыятычную песенную тэматыку новага часу, група “Сталіца” пакрочыла з “Караванам” па нязьведаных сьцяжынках джаз-року, а Ірына Раманоўская вучыла моладзь, як ня варта паводзіць сябе ў лесе зь першым сустрэчным, няхай ён сабе і лясьнік.

Скончым гэты мэлядыйны тыдзень зноў жа музыкай патрыятычнай. Славуты палянэз “Разьвітаньне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага ў сучаснай вэрсіі збамбардаваў летась гіт-парад станцыі “Радыё Рокс”, адсунуўшы ўсе сучасныя шлягеры. Гэтым разам прагучыць вэрсія клясычная ў выкананьні Варшаўскага камэрнага аркестра пад кіраўніцтвам Марэка Сэвена.

Нешта казаць тут не выпадае. Дадам толькі, што гэты выдатны, яскравы твор можа сьмела лічыць для сябе ўласным гімнам кожны сьвядомы беларус. І вось гэта ў нас ніхто не забярэ.

Зьміцер Падбярэскі