Не, нават у савецкі час, нават з дапамогаю пастановы ЦК КПСС немагчыма было зацьвердзіць у жыцьці жаданьне зрабіць той ці іншы твор мастацтва клясыкай жанру. Песьня, напрыклад, робіцца клясыкай збольшага неўпрыкмет, ціха, без загадаў і слухаецца потым з ахвотаю шмат гадоў. Як і тая, што вы пачуеце сёньня.
Магчыма, многія з вас заўважылі, што апошні час кожны тыдзень у праграме “Мэлёдыя дня” абавязкова гучыць адзін з твораў са спадчыны ансамблю “Песьняры”.
Гучыць ня толькі таму, што гэткім чынам мы, спадзяюся, хоць неяк можам падтрымаць Уладзімера Мулявіна ў няпростыя для яго часіны, не таму, што наш архіў мэлёдыяў пачаў вычэрпвацца, а таму, што чым далей, тым больш робіцца зразумелым, якую ролю адыгралі “Песьняры” ў станаўленьні сучаснай беларускай эстрады і колькі па-сапраўднаму выразных песень яны пакінулі па сабе.
Песьня “Алеся” Ігара Лучанка на словы Аркадзя Куляшова — таксама твор знакавы, як і “Александрына”. Нетаропкая, надзвычай мэлядычная, поўная юнацкай паэтавай чысьціні і нават наіўнасьці, у тым ліку агульнага гучаньня, яна, тым ня менш, ня можа не кранаць нават найбольш глухога ня толькі да беларускай песьні чалавека — глухога да песьні наагул!
Загадаў зрабіцца песьні клясыкай не было, нягледзячы нават на блізкасьць кампазытара да крамлёўскіх зорак. Творчая ўдача? Так. А яшчэ — супадзеньне многіх фактараў, якіх называць у дачыненьні да такой прыгожай музыкі ня хочацца. Паслухаем.
Зьміцер Падбярэскі