Песьня “Падае цень”. Музыка, словы, аранжыроўка і выкананьне — Валік Грышко. Дэма-запіс, 2002


Мне так здаецца, што жыву я ў апошнія гады ў нейкім паралельным рэальнасьці сьвеце. Прычым датычыцца тое і музычнае культуры. Дзяржаўнае тэлебачаньне паказвае адно, моладзь слухае зусім іншае. Сучасная беларуская музыка рэзка падзялілася на прылашчаную ўладамі і неафіцыйную.

Лішне казаць, што па актуальнасьці, злабадзённасьці і часам нават па прафэсiйнасьці выкананьня (а якая можа быць прафэсiйнасьць, калі на парадку дня — фанаграма?!) афіцыйна прызнаная папулярная музыка нагадвае нафталін, чый тэрмін захаваньня даўно скончыўся. Выканаўцы з колаў неафіцыйных прадастаўленыя самі сабе, на дзяржаўныя падтрымку і ласку даўно не разьлічваюць, таму, магчыма, і робяць больш і цікавей, чым заслужаныя артысты фанэры.

Валік Грышко, напрыклад, наагул трымаецца асобна ад усіх, робячы музыку для Беларусі нетыповую. Гэта нешта накшталт музыкі новай хвалі, але ў сучасным яе прачытаньні. Так, музыка з разраду папсы, зробленая зь веданьнем справы і прафэсiйна. Песьні гэтыя, улучна й з тымi, што Валік запісаў на беларускай мове, зацікавілі сур’ёзных выдаўцоў у Расеі, дзе ведаюць, што ёсьць шоў-бізнэс, у адрозьненьне ад Беларусі, дзе вяршыня посьпеху — званьне засрака (заслужанага работніка культуры) ды фота на вокладцы часопіса “Беларуская думка”. Валіку Грышко тое не пагражае, бо ён застаецца самім сабой. Таму мы зь ім яшчэ пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі