Прыемна, калі твае прагнозы збываюцца. У дзень адкрыцьця чарговага фэстывалю “Славянскі базар” я асабіста прадказаў, што арыгінальная выканальніцкая манэра дуэту з Барысава “Аляксандра і Канстанцін”, прадуманы рэпэртуар павінны зьвярнуць на сябе ўвагу журы. І не памыліўся.
Праўду кажучы, вядучыя конкурсу маладых выканаўцаў у Віцебску казалі падчас прадстаўленьня ўдзельнікаў практычна амаль пра адну толькі Аляксандру Кірсанаву, забываючыся пра Канстанціна Драпезу. Што, аднак, не перашкодзіла самой Аляксандры паказацца годна і ў выніку дамагчыся другой прэміі. І тут яўна не адыграла ніякай ролі тое, што музыканты напярэдадні конкурсу зрабіліся ўдзельнікамі Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі. Мушу заўважыць, што другая песьня ў конкурсе атрымалася ў Аляксандры, калі яна выступала ў суправаджэньні ўжо роднага ёй аркестру, горш, чым першая, з дааркестравага пэрыяду.
Тым ня менш, другая прэмія — гэта таксама посьпех. І дзеля таго, каб пра беларускіх ляўрэатаў таго конкурсу, як яно часта здараецца, у будучыні не забываліся, прапаную паслухаць песьню ў выкананьні гэтага дуэту, які, можна сказаць, зрабіў сябе сам. Гэта будзе вядомы джазавы стандарт “Dream a Little Dream of Me”, напісаны Швантам, Андрэ і Дугласам. Песьня паходзіць з дэбютнага альбома “За ліхімі за марозамі” мінулага году. Хачу спадзявацца, што ўдалае выступленьне ў Віцебску прывядзе да запісу й выданьня новага альбома, з Аляксандрай ды Канстанцінам мы сустрэнемся ў рамках праграмы “Па-за тактам”, а праца ў аркестры не пазбавіць Аляксандру магчымасьці сьпяваць тое, што прынесла ёй плен у конкурсе.
Зьміцер Падбярэскі