Творчая фантазія — рэч надзвычай плённая. Яна, прынамсі, дапамагае людзям мастацтва знаходзіць незвычайнае ў будзённым, а з рэчаў даўно вядомых вырабляць творы цалкам новай якасьці.
Здавалася б, лёс такіх музычных калектываў, як Цэнтральны міліцэйскі аркестар Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, даволі маркотны. Гэта — удзел ва ўрачыстасьцях, маршыраваньні перад высокім начальствам і жалобнае граньне тады, калі тое начальства адыходзіць на павышэньне туды, куды мы ўсе немінуча патрапім. Аднак выдадзены сёлета альбом гэтага аркестру паказаў, што ён цалкам заслугоўвае называцца менавіта творчым бэндам.
Разнастайны рэпэртуар альбома зьдзіўляе, выканальніцкі ўзровень джазмэнтаў — радуе. Старшы лейтэнант Сьцяпан Горын, які вынаходліва працуе ў аркестры як аранжыроўшчык, даўмеўся да таго, што аб’яднаў у адной п’есе рытм славутага джазавага шлягера “Take Five” Пола Дэзманда і мэлёдыю вядомай беларускай песьні “Рушнікі”. У выніку атрымалася дасьціпная, арыгінальная кампазыцыя пад назваю “Take Five In a Byelorussian Manner”, якую аркестар джазмэнтаў выконвае на рэдкім творчым уздыме. Прыём такі ў прынцыпе ня новы, аднак ён практычна заўсёды прыносіць плён. Адно ня трэба пераносіць назву гэтай п’есы — “Дай пяць у беларускай манэры” на нашую рэчаіснасьць: пяць сутак арышту і музычны памер на пяць чацьвёртых — рэчы прынцыпова розныя.
Зьміцер Падбярэскі