Хто сёньня не гаворыць пра футбол? Чарговы чэмпіянат сьвету выклікаў, як звычайна, ня толькі шмат размоваў, але і, як ніколі раней, мноства скандалаў і нават ахвяраў. “Мэлёдыя дня”, зразумела, ня можа заставацца ўбаку ад чэмпіянату. Вітаю вас, футбольныя заўзятары!
Тут дарэчы было б прачытаць невялічную лекцыю адносна гісторыі разьвіцьця футбольнай тэматыкі ў беларускай папулярнай музыцы. Ніяк не жартую: былі, былі такія песьні і ў групы “Сузор”е”, і ў Ларысы Грыбалёвай, і ў групы “ББ”. Праўда, усе яны ня надта спрыялі міжнародным посьпехам беларускіх майстроў скуранога мяча, якія хутчэй праляталі па-над Эўропай і сьветам, чым маглі дзе-небудзь хоць нейкім чынам адзначыцца на стадыённым таблё.
Беларуская група з экзатычнай назвай “Айша” таксама зрабіла своеасаблівы ўнёсак у футбольную тэматыку. Практычна нічога ня ведаю пра гэты калектыў, але вось на песьню ўвагу зьвярнуў. Называецца яна “Ёкагама”. Як вядома, чэмпіянат адбываецца ў Паўднёвай Карэі й Японіі, а ў самой песьні ёсьць словы “Ёкагама, далёкая мара мая”.
Мне так падалося, што ў асобе лірычнага героя песьні выступае якраз беларускі футбол, якому, шчыра кажучы, да сусьветных чэмпіянатаў гэтак жа сама далёка, як нам, беларусам, — да японцаў. Калі казаць праўду, песьня гэтая ня надта яскравая і выразная, аднак падтрымка маладых музыкантаў, асабліва калі яны прапануюць актуальныя па тэмах творы, — адна з задач нашай праграмы.
Група “Айша” і песьня “Ёкагама”. Са спадзяваньнем выхаду беларускай пап-музыкі на японскі рынак. Пачуемся на астравах!
Зьміцер Падбярэскі