На шчасьце, ад Ігара Сафонава некаторыя запісы засталіся, найперш дзякуючы фэстывалю “Віцебская восень”, які адбываўся ў 1980-я гады, яшчэ да таго, як паўстаў “Славянскі базар”. Але ж прыкра ўсьведамляць, што зь пяцёх музыкантаў гэтага калектыву няма на гэтым сьвеце Ігара Сафонава і Юрыя Пікуса, бас-гітарыст Барыс Бернштэйн і піяніст Леанід Златкін жывуць за мяжой, і толькі Ўладзімер Ткачэнка, які іграў у квінтэце на гітары, жыве і працуе ў Беларусі.
У 1987 годзе падчас чарговай “Віцебскай восені” была запісаная п’еса польскага скрыпача Кшэсіміра Дэнбскага “Бераліна факстрот”. Ня варта думаць, што гэта — клясычны факстрот. Не, п’еса — выразны ўзор сучаснага джазу, заснаваны на вострай фразыроўцы, актыўнай гукавой атацы і, зразумела, на віртуёзнасьці выкананьня. Чым-чым, а гэтым удзельнікі ансамбляў пад кіраўніцтвам Ігара Сафонава вызначаліся заўсёды.
Гэта быў ансамбль сапраўды найлепшых, адмысловых знаўцаў музыкі, гэткі па значэньні дзяржаўны джаз-ансамбль Беларусі. Праўда, не ацэнены афіцыёзам у свой час. Але і сёньня гэтая музыка застаецца яскравым узорам для перайманьня.
Зьміцер Падбярэскі