“Кожны кулік уласнае балота хваліць”. Каму не знаёмае гэтае выслоўе? Ды ў некаторых выпадках нават добра знаёмыя словы маюць здольнасьць набываць цалкам іншае, адметнае значэньне.
“Людзі на балоце” — гэтая песьня з рэпэртуару Касі Камоцкай нетыповая для сьпявачкі. Апрача таго, што песьня па-новаму раскрывае сэнс назвы знакамітага рамана Івана Мележа, яна яшчэ гучыць з выразнымі элемэнтамі музыкі ў стылі рэп.
Для Камоцкай гэта была пэўная рызыка, бо слухачы звыкліся з уласьцівай ёй у канцы 1990-х апавядальнай, нават крыху бардаўскай манерай выкананьня. Аднак рызыка цалкам апраўдалася, і гэты твор, асабліва падчас жывых выступленьняў, прымаўся слухачамі з энтузіязмам.
Сваю ролю сыграў тут і сацыяльна-востры тэкст Лявона Вольскага, а таму няма чаго зьдзіўляцца, што песьня гэтая, як, зрэшты, і некаторыя іншыя, атрымала нэрвовую рэакцыю з боку дзяржаўных сродкаў прымусовай радыётэрапіі насельніцтва. Прасьцей кажучы, для афіцыйнага радыё сьпявачка перастала існаваць.
Для “Мэлёдыі дня” Кася Камоцкая і адкрытае ёю “Новае неба” існуе і будзе існаваць назло ўсім магчымым балотам. Мы зь ёй яшчэ пачуемся!
Зьміцер Падбярэскі