Інструмэнтальная п’еса “Вальс №3” Барыяса. Ян Скрыган. Альбом “Рэнэсанс гітары”, дэмавыданьне, 2000


Простая, здавалася б, элемэнтарная шасьціструнная гітара ва ўмелых руках можа ператварыцца ў інструмэнт, які здольны гучаць часам ці не як аркестар. Творчасьць менскага гітарыста Яна Скрыгана — яшчэ адно таму пацьверджаньне.

Сёньня можна пэўна казаць пра тое, што беларуская гітарная школа існуе. Адбываюцца фэстывалі, многія зь якіх зрабіліся традыцыйнымі, добра распрацаваная сыстэма навучаньня, якая вершыцца Акадэміяй музыкі, выдаюцца ноты, альманахі і нават часопіс “Беларуская гітара”. Нарэшце, беларускія музыканты рэгулярна выяжджаюць за мяжу і займаюць там на конкурсах высокія месцы.

Сярод такіх музыкантаў — малады яшчэ Ян Скрыган. Спадзяюся, мы яшчэ сустрэнемся зь ім у рамках асобнай праграмы, а вось мэлёдыяй гэтага дня зробіцца даволі папулярны ў акадэмічных гітарных колах твор — “Вальс №3” кампазытара Барыяса. Запіс гэты зроблены падчас канцэрту аднаго з гомельскіх фэстываляў “Рэнэсанс гітары”. Зьвярніце ўвагу, наколькі тонка, прачула выконвае гэты твор Ян Скрыган, адзін з тых музыкантаў, якімі можа ганарыцца краіна.

Зьміцер Падбярэскі