“Амэрыканец”, музыка і словы Аляксандра Кулінковіча. Група “Нэйра-Дзюбэль”. Альбом “Альтэрнатыва _by”, “БМА груп”, 2001


Неяк у адным з сацыялягічных апытаньняў сярод айчыннага насельніцтва я ўбачыў цікавыя лічбы: практычна аднолькавая колькасьць людзей у Беларусі як любіць, так і ня любіць амэрыканцаў. “Мэлёдыя дня” — праграма талерантная, а таму дае магчымасьць музыкантам выказацца з любой нагоды.

Група “Нэйра-Дзюбэль” — адна з найбольш бескапрамісных у беларускай музыцы. Безумоўны талент лідэра Аляксандра Кулінковіча, ягоная шчырая, адкрытая пазыцыя літаральна па кожным пытаньні выклікаюць да яго і калектыву як самую гарачую любоў, так і поўнае неўспрыманьне ўсяго, што робяць музыканты. Як да тых амэрыканцаў, дарэчы.

“Нэйра-Дзюбэль” раней ведалі як выключна расейскамоўны калектыў. Аднак зараз музыканты групы ўдзельнічаюць у запісе супольнага музычнага праекту “Скрыпка дрыгвы” на вершы Ўладзімера Караткевіча, у якім Аляксандар Кулінковіч сьпявае па-беларуску. Барані Божа называць тое каньюнктурай, не! Проста “Нэйра-Дзюбэль” застаецца самім сабой і тады нават, калі сьпявае па-беларуску. Вось адзін з прыкладаў такой бескампраміснасьці. Песьня “Амэрыканец”, адрасаваная ўмоўнаму прадстаўніку радзімы рок-н-рола, прадстаўніком якога, у сваю чаргу, зьяўляецца Аляксандар Кулінковіч.

Зьміцер Падбярэскі