Розныя выканаўцы. Альбом “Я нарадзіўся тут”, 2000 г. Інтэрнет MD0225.wav
Нездарма кажуць: караля вызначае сьвіта. Што да музычных каралёў, дык і ў іх сьвіта іграе вызначальную ролю. Такіх каралёў у Беларусі няшмат. Але ўчора, прынамсі, адным такім фармальна зрабілася больш. “Мэлёдыя дня”, вітаю вас!
Такім чынам, штогадовая цырымонія “Рок-каранаваньня” назвала імёны найлепшых за мінулы год. І галоўную ўзнагароду атрымаў Алесь Суша, прадусэр слынных супольных музычных праектаў “Сьвяты вечар-2000” і “Я нарадзіўся тут”.
Праўда, многія небеспадстаўна зьвярталі ўвагу на тое, што апошні праект датаваны пазамінулым годам і, такім чынам, удзельнічаць у намінаваньні ня меў права. Яно так, але пры гэтым ня трэба забывацца, што менавіта летась гэты альбом прадаваўся вельмі актыўна, і, па маіх зьвестках, ягоны тыраж перакрочыў 5 тысяч штук, што для запісу беларускіх выканаўцаў сапраўды шмат.
Апрача таго, як загалоўная песьня альбому, так і палянэз “Разьвітаньне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага на верш Сяржука Сокалава-Воюша на працягу больш чым 20 тыдняў пасьпяхова панаваў у гіт-парадзе менскага радыё “Рокс”, апярэджваючы як заходнія, так і ўсходнія шлягеры.
Такім чынам, калі прадусэр “Рок-каранацыі” Юры Цыбін сапраўды вырашыў аддаць галоўны прыз, зыходзячы з паказчыкаў продажу, ён прыняў слушнае рашэньне. Адно што ўдзельнікам апытаньня зрабіў тым самым сюрпрыз.
Слухаць жа мы будзем загалоўную песьню альбому, у якой сапраўды надзвычай удала спалучыўся рытм музыкі рэгей, дастаткова ўдалы тэкст, запамінальная мэлёдыя ды натхнёнае выкананьне. “Я нарадзіўся тут”, музыка Лявона Вольскага, верш Лявона Вольскага і новага музычнага караля Алеся Сушы. Супольнае выкананьне.
Як вядома, сёньня ў стадыі запісу знаходзіцца чарговы праект Алеся, гэтым разам на вершы Ўладзімера Караткевіча. Маючы такую сьвіту, можна рыхтаваць самыя сьмелыя праекты. Пачуемся!