НОВЫ СПОСАБ БАРАЦЬБЫ З РАКАМ, ЯКІ ДАЕ НАДЗЕЮ ХВОРЫМ

Кастусь Бандарук, Прага

Грэцкія навукоўцы з Нацыянальнага дасьледчага інстытуту біялёгіі і біятэхналёгіі ў Атэнах на чале з прафэсарам Статысам Гонасам (Stathis Gonos) прапануюць новы спосаб зьнішчэньня ракавых клетак. Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі здароўя з 2000 году штогод прыблізна ў дзесяці мільёнаў чалавек выяўляецца рак, і ад розных відаў гэтай хваробы, найперш раку лёгкіх і прастаты, у сьвеце паміраюць каля 6 мільёнаў чалавек. Вучоныя з Атэнаў сьцьвярджаюць, што яны знайшлі шлях зьніжэньня абарончых здольнасьцяў ракавых клетак ад узьдзеяньня хіміятэрапіі. Пра гэта паведаміла ў панядзелак 1 сакавіка агенцтва Ройтэрс.

Першапачатковай мэтай грэцкіх вучоных было вывучэньне працэсаў старэньня. У выніку дасьледаваньняў быў выяўлены бялок, які мае назву “апапратэін Джэй”. Прафэсар Статыс Гонас назваў гэты бялок “чыньнікам выжываньня”. Ён дзейнічае ў якасьці шчыта, які абараняе ад розных шкодных і атрутных рэчываў з навакольнага асяродзьдзя.

У выніку дасьледаваньняў аказалася, што гэты бялок знаходзіцца і ў ракавых клетках. “Мы ўбачылі, што апапратэін Джэй выконвае абарончыя функцыі і ў ракавых клетках, абараняе іх у прыватнасьці ад лекаў скарыстаных у хіміятэрапіі,” – паведаміў Статыс Гонас. “Ракавыя клеткі рэагуюць на лячэньне, або нават на інфэкцыю, як на атаку супраць іх, і ўжываюць наймацнейшую зброю, якой валодаюць. Яны вырабляюць вялізную колькасьць апапратэіну Джэй і хаваюцца за ім, нібы за шчытом.

Прафэсар Гонас паведаміў, што вучоным удалося вылучыць ген гэтага бялка з ракавых клетак з дапамогай гэтак званага “ўварваньня ў РНК”. Нагадаем, што РНК (рыбануклеінавая кіслата) – гэта складанае арганічнае спалучэньне, якое прысутнічае ў ядры любой клеткі жывога арганізму. РНК актыўна падтрымлівае і стымулюе сынтэз бялковых рэчываў, што спрыяе абнаўленьню клетак усіх органаў і тканак арганізму. Гэта асабліва важна для тых, хто пакутуе ад хранічных захворваньняў, а таксама пасьля хірургічных апэрацыяў. РНК адыгрывае ключавую ролю у зьніжэньні тэмпаў старэньня клетак, асабліва пасьля 45-50 гадоў.

У выніку нэўтралізацыі гену апапратэіну Джэй, ракавыя клеткі сталі больш крохкія і слабыя. Яны хутка гінулі падчас хіміятэрапіі нават ад дозаў, што былі ў дзесяць разоў меншыя за стандартныя. Паводле прафэсара Гонаса, гэта вельмі практычнае дасягненьне. Меншыя дозы лекаў аўтаматычна азначаюць меншую колькасьць нэгатыўных, пабочных эфэктаў хіміятэрапіі.

Звычайна ў хіміятэрапіі выкарыстоўваюцца так званыя цытастатычныя лекі, якія запавольваюць працэс падзелу і размнажэньня ракавых клетак. На жаль, гэтыя лекі пашкоджваюць некаторыя здаровыя клеткі арганізму, тыя, якія найхутчэй дзеляцца і найхутчэй растуць. Гэта ў першую чаргу клеткі цыбулькаў валасоў, кішэчнага эпітэлію і касьцявога мозгу, які адказны за вытворчасьць крывяных цельцаў.

Такім чынам, асноўныя пабочныя эфэкты хіміятэрапіі, гэта – аблысеньне, анэмія, млоснасьць, рвота, боль у жываце, бясплоднасьць, і інфэкцыі, што выкліканыя зьменай складу крыві, найперш меншай колькасьцю белых крывяных цельцаў. Бадай найчасьцейшым і найбольш прыкметным пабочным эфэктам хіміятэрапіі зьяўляецца выпадзеньне валасоў, аднак у пераважнай большасьці выпадкаў, пасьля заканчэньня лячэньня валасы адрастаюць наноў. Пабочныя эфэкты хіміятэрапіі досыць непрыемныя, але карысьць ад лячэньня непараўнальна большая.

Пакуль вучоныя ад лябараторных дасьледаваньняў пераходзяць да выпрабаваньняў на жывёлах у Галоўным шпіталі Ванкувэру (Канада), прафэсар Статыс Гонас мяркуе, што экспэрымэнты на людзях распачнуцца прыблізна праз тры гады. Між іншым, гэтыя дасьледаваньні ракавых клетках фінансуюцца Эўразьвязам. Грэцкія вучоныя разам з навукоўцамі з ўнівэрсытэту Брытанскай Калюмбіі і фармацэўтычнай кампаніяй OnkoGeneX падалі заяўку на атрыманьне глябальнага патэнту на сваё вынаходніцтва.

І на заканчэньне – апошнія парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

– Калі Вы прымаеце бяз лекарскай рэкамэндацыі два або тры розных мэдыкамэнты, уважліва чытайце інструкцыю ўнутры ўпакоўкі, каб пазьбегнуць дубляваньня іхных складнікаў. Асабліва нэгатыўныя пабочныя эфэкты могуць мець такія абязбольваючыя сродкі, як анальгін або цытрамон, калі іх ужываць разам зь лекамі ад гарачкі й прастуды кшталту парацэтамолу. У абодвух леках знаходзіцца тая ж самая субстанцыя асэтамінапэн, і ў выніку можна атрымаць перадазіроўку. У меру магчымасьці кансультуйцеся наконт свайго самастойнага лячэньня зь лекарам.

– Калі вы вяртаецеся з працы дамоў на аўтамабіле, адмоўцеся, калі гэта магчыма, ад гучных і набітых аўтамагістраляў ў карысьць бакавых і ціхіх дарог. Мабыць вы будзеце ехаць даўжэй, але зелень і маляўнічае навакольле дзейнічаюць на псыхіку бы бальзам, і дапамогуць вам зьняць пасьля працы стому, стрэс і ўзбуджанасьць, якія за рулём могуць падштурхнуць да вельмі нерацыянальных паводзінаў. Каб падняць настрой цягам дня, як мага часьцей выходзьце да сонца і сьвятла. Ад сонечных промняў залежаць колькасьць сэратаніну, гармону адказнага за настрой і самаадчуваньне. З другога боку празьмерны і працяглы загар – шкодны для здароўя.

– Кубак гарачай гарбаты можа быць добрым сродкам супраць некалькіх відаў раку, у прыватнасьці раку простай кішкі, страўніка і мачавога пухіра. Згодна з дасьледаваньнямі, дзякуючы мікраэлемэнтам, гарбата карысна ўплывае таксама на сэрца і ўзмацняе імунную сыстэму. Пяць кубкаў зялёнай або чорнай гарбаты ў дзень выразна паляпшаюць кровазварот і зьмяншаюць рызыку інсульту.

– Калі Вы абмяжуеце колькасьць чырвонага мяса ў сваёй дыеце, гэта зьменшыць рызыку захворваньня на дыябэт. Больш за іншыя прадукты чырвонае мяса ўтрымлівае тлушчы і халестырын не жывёльнага паходжаньня. Пажадана замяніць чырвонае мяса бабовымі або рыбай. Паводле Real Age, чырвонае мяса трэба спажываць не часьцей, як адзін раз на тыдзень.