ПРАТЭІН, ЯКІ АБАРАНЯЕ АД СНІД’У

Канстанцін Бандарук, Прага

Пра гэтае адкрыцьцё паведамілі на старонках навуковага часопісу Nature навукоўцы з Інстытуту анкалёгіі імя Дана і Фабэра Гарвардзкага ўнівэрсытэту ў Бостане, які ўзначальвае прафэсар паталёгіі Джозэф Садроўскі.

З таго часу, як у 1983 годзе быў выяўлены вірус імунадэфіцыту, навукоўцы высьветлілі, што акрамя шымпанзэ (найболей блізкіх чалавеку ў сэнсе анатоміі й генэтыкі жывёлаў) ВІЧ-інфэкцыя не атакуе ніякія іншыя віды. Сам жа мэханізм ВІЧ-інфэкцыі добра вядомы: вірус імунадэфіцыту пранікае ў клетку, захапляе яе нібыта ў палон і, паразытуючы на ейных прыродных мэханізмах, размнажаецца ды пашыраецца па ўсім арганізьме.

“Мы ўжо некалькі гадоў таму ведалі, што вірус ВІЧ-інфэкцыі не атакуе іншых малпаў,” – кажа прафэсар Садроўскі. “Некаторыя зь іх, у тым ліку малпы макакі-рэзуса, бабуіны і мангабэі з Афрыкі ды Азіі не паддаюцца чалавечай форме віруса ВІЧ, хаця яны безабаронныя перад малпіным вірусам імунадэфіцыту (SIV). Было відавочным, што ў арганізьме малпаў працуе нейкі магутны абарончы мэханізм, які блякуе разьвіцьцё віруса ВІЧ. Цяпер мы ідэнтыфікавалі пратэін ТРЫМ5-альфа (TRIM5-alpha),” – сказаў прафэсар Джозэф Садроўскі.

Навукоўцы мяркуюць, што гэты пратэін зьяўляецца часткай прыроднай імуннай сыстэмы жывёлаў. Ён шукае ў арганізьме вірусы і блякуе іхныя хваробатворныя магчымасьці. ТРЫМ5-альфа ўзаемадзейнічае з важнай структурай ВІЧ, з капсулай вірусу. Капсула – гэты свайго кшталту футарал, які акружае і абараняе генэтычны матэрыял вірусу. Калі вірус пранікае ў клетку, гэтая абалонка прапускае ягоныя гены і пратэіны, каб тыя маглі перасяліцца і заняць новую клетку. Паводле прафэсара Садроўскага, ТРЫМ5-альфа спыняе гэты працэс на раньнім этапе: ён наагул не дазваляе вірусу замацавацца ў клетцы. Што цікава, у чалавечым арганізьме таксама вырабляецца варыянт пратэіну ТРЫМ5-альфа, які на 87% ідэнтычны зь бялком малпы, аднак у людзей ён няздольны ў такой ступені, як у малпаў, супрацьстаяць СНІД’у.

Адкрыцьцё амэрыканскіх навукоўцаў зьяўляецца вынікам амаль дзесяцігадовай працы па вывучэньню прычынаў, чаму ВІЧ, вірус імунадэфіцыту чалавека, які выклікае СНІД, заражае адных жывёлаў, але не заражае іншых. Цягам некалькіх гадоў вучоныя зрабілі вялізную работу. Яны прааналізавалі 40 тысяч генаў малпы і ўрэшце выявілі адзін ген, што адказны за вытворчасьць гэтага абарончага чыньніка. Праца нагадвала пошукі іголкі ў стозе сена – кажуць вучоныя.

Адзін з сааўтараў адкрыцьця, Мэт’ю Стрэмлаў (Matthew Stremlau), лічыць посьпех дасьледваньня нечым накшталт выйгрышу ў лятарэі. Вучоныя склалі базу дадзеных па ўсіх 40 тысячах генаў. Затым кожны ген быў перанесены ў чалавечыя клеткі, якія ў звычайных умовах лёгка паддаваліся заражэньню ВІЧ-інфэкцыяй, і назіралі за вынікамі. Дзеля таго, каб адрозьніць хворыя клеткі ад здаровых, вучоныя асаблівым чынам “пазначалі” і адсочвалі вірус, які зіхацеў зялёным флюарысцэнтным сьвятлом. Адна з культураў аказалася асабліва ўстойлівай.

Выявілася, што клеткі з генам, адказным за вытворчасьць пратэіну ТРЫМ5-альфа, не паддаваліся заражэньню незалежна ад інтэнсіўнасьці ўзьдзеяньня вірусу. Яны заставаліся цёмнымі. Вучоныя кажуць, што яшчэ застаецца невысьветленым, як працуе бялок, і ці ў людзей існуюць ягоныя варыянты, што здольныя абараніць арганізм ад СНІД’у.

Вучоныя прыдаюць гэтаму адкрыцьцю вялікае значэньне. Яны бачаць дзьве магчымасьці скарыстаць вынікі адкрыцьця. Па першае, спрабаваць шляхам геннай тэрапіі перасадзіць ВІЧ-інфікаваным людзям бялок малпы. Па другое, спрабаваць зрабіць чалавечую вэрсію бялка, аналягічнага ТРЫМ5-альфа, болей эфэктыўным.

Дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі й інфэкцыйных захворваньняў Энтоні Фаўчы кажа, што найноўшае адкрыцьцё дазваляе лепш вывучыць цыкл жыцьця ВІЧ і адкрывае новыя магчымасьці ў стрымліваньні вірусу на самай раньняй стадыі разьвіцьця, перш чым вірус замацуецца ў арганізьме. На базе гэтага адкрыцьця вучоныя спадзяюцца ў хуткім часе стварыць эфэктыўны лек супраць СНІД’у альбо вакцыну ад ВІЧ-інфэкцыі. Апрача таго, гэты цудоўны пратэін верагодна можна будзе скарыстаць і пры лячэньні іншых вірусных захворваньняў.

А зараз апошнія парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

- Кубак гарачай гарбаты можа быць добрым сродкам для прадухіленьня некаторых відаў раку, у прыватнасьці раку простай кішкі, страўніка і мачавога пухіра. Дзякуючы мікраэлемэнтам поліфэнолам, гарбата карысна ўплывае таксама і на сэрца, ды ўзмацняе імунную сыстэму. Пяць кубкаў зялёнай або чорнай гарбаты ў дзень значна паляпшаюць кровазварот і зьмяншаюць рызыку інсульту.

- Калі Вы абмяжуеце колькасьць спажыванага чырвонага мяса, то гэта зьменшыць рызыку захворваньня на дыябэт. У чырвоным мясе ўтрымліваецца больш насычаных тлушчоў і халестырыну не жывёльнага паходжаньня, чым у іншых прадуктах. Пажадана замяніць чырвонае мяса бабовымі, або рыбай. Паводле Real Age, чырвонае мяса трэба спажываць не часьцей, як адзін раз на тыдзень.