Пабочныя эфэкты антыдэпрэсантаў

Кастусь Бандарук, Прага

У панядзелак 2 лютага ў Амэрыканскай ўправе харчаваньня і лекаў распачаліся слуханьні ў справе эфэктыўнасьці і ўплыву антыдэпрэсантаў на здароўе дзяцей і моладзі. Прадметам павышанай ўвагі сталі антыдэпрэсанты з групы так званых “сэлектыўных інгібітараў адваротнага захопу сэратаніну”, да якіх належаць папулярныя ў ЗША лекі пад назовамі Prozac, Paxil і Zoloft. Паводле Ўправы харчаваньня і лекаў, амэрыканскія лекары штогод выпісваюць дзецям і моладзі 11 мільёнаў рэцэптаў на самыя розныя антыдэпрэсіўныя лекі, хаця афіцыйна дазволены толькі Prozac.

Акрамя спэцыялістаў, у слуханьнях удзельнічалі бацькі, а таксама самыя дзеці, кожнаму зь якіх было дадзена 2 хвіліны, каб яны разказалі пра плюсы і мінусы антыдэпрэсантаў на сваім ўласным вопыце. Адзін з бацькоў паведаміў, што ягоны 13-гадовы сын павесіўся ў шафе пасьля таго, як пачаў прымаць антыдэпрэсанты. Яшчэ адзін падлетак раcказаў, што пасьля некалькіх тыдняў прыманьня лекаў ён ўзяў з хаты паляўнічую стрэльбу і пайшоў зь ёю ў школу, палохаючы сваіх аднакурсьнікаў. Хлопец сказаў, што ён не быў сьвядомы таго, што робіць, і ачуняў толькі ў пастарунку пасьля затрыманьня паліцыяй. “Мы лічылі, што Paxil і Prozac – цудоўныя лекі, але мы хлусіслі”, – сказаў адзін з бацькоў. Ягоная 12-гадовая дачка павесілася пасьля некалькіх тыдняў прыманьня двух відаў антыдэпрэсантаў. “Колькі яшчэ людзей мае памерці, пакуль мы іх папярэдзім аб шкоднасьці антыдэпрэсантаў!” – эмацыйна ўсклікнула адна з маці. Аднак іншыя бацькі, у прыватнасьці маці, чый сын пакутаваў ад маніякальнай дэпрэсіі казалі, што псыхатропныя лекі вельмі дапамаглі іхным дзецям і магчыма – нават выратавалі ім жыцьцё.

На небясьпеку антыдэпрэсантаў упершыню зьвярнулі ўвагу брытанскія навукоўцы ў мінулым годзе. У сьнежні летась брытанскае Агенцтва кантролю за лекамі і мэдычнымі прадуктамі забараніла прызначаць дзецям усе антыдэпрэсанты акрамя Prozac. У Вялікабрытаніі штогод прыблізна 50 тысячаў дзяцей і падлеткаў прымаюць антыдэпрэсанты. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля шэрагу сыгналаў аб тым, што антыдэпрэсанты выклікаюць суіцыдальныя схільнасьці ды іншую нэгатыўную рэакцыю. Брытанскія экспэрты заявілі, што фармацэўтычныя кампаніі добра ведалі пра пабочныя эфэкты сваіх прадуктаў, але са зразумелых прычынаў, каб не пазбавіцца прыбыткаў, замоўчвалі іх.

Усьлед за брытанскімі спэцыялістамі за вывучэньне праблемы ўзяліся амэрыканцы. Навукоўцы з Унівэрсытэту Каламбія прааналізавалі 4 тысячы выпадкаў, калі дзеці і моладзь нейкім чынам пацярпелі ў выніку прыманьня аднаго з 9 найболей папулярных антыдэпрэсантаў. Кіраўнік групы Томас Лафрэн паведаміў, што зь ліку 4 тысячаў чалавек 109 прадпрынялі спробу самагубства або мелі суіцыдальныя думкі. Зь іх ліку 66 памерлі, у тым ліку адзін падлетак – у выніку самаспаленьня. Іншы спэцыяліст Дэйвід Гілі паведаміў, што як мінімум 500 дзяцей скончылі жыцьцё самагубствам менавіта з прычыны антыдэпрэсантаў.

Аднак некаторыя спэцыялісты лічаць, што гэтыя дадзеныя-неаб’ектыўныя. “Мы наагул займаемся людзьмі з суіцыдальнымі схільнасьцямі”, – кажа д-р Дэйвід Фасьлер з Амэрыканскага псыхіятрычнага таварыства. Згодзен зь ім псыхіятар з Унівэрсытэту Аёва Крыс Окіішы. Яны лічаць, што да самагубстваў дайшло не з прычыны антыдэпрэсантаў. У гэтых маладых людзей і раней былі суіцыдальныя думкі, а ўжываныя імі лекі проста не пачалі дзейнічаць і не пасьпелі адвесьці іх ад самагубчых намераў. Аднак некаторыя ўдзельнікі слуханьняў ва Ўправе харчаваньня і лекаў прапанавалі выключыць трох з 11 экспэртаў як неаб’ектыўных, бо яны аплочваліся фармацэўтычнымі кампаніямі.

У такой сытуацыі Ўправа харчаваньня і лекаў даручыла спэцыялістам з Унівэрсытэту Каламбія правесьці паўторнае грунтоўнае дасьледаваньне, ці антыдэпрэсанты шкодныя, аднак вынік будзе вядомы не раней, як праз паўгоду. “На нашу думку, лекары павінны ведаць аб тым, што антыдэпрэсанты могуць мець сувязь з суіцыдальнымі думкамі і паводзінамі, з раздражнёнасьцю ды іншымі формамі агрэсіі”, – заявіў Мэт’ю Радарфэр з Нацыянальнага інстытуту псыхічнага здароўя. Да часу поўнага вывучэньня праблемы Ўправа харчаваньня і лекаў рэкамендуе лекарам прызначаць дзецям антыдэпрэсанты надзвычай асьцярожна і пасьля кансультацыі са спэцыялістамі ў іншых галінах мэдыцыны.