Рэгулярны сэкс дапаможа вам застацца здаровымі

Кастусь Бандарук, Прага

Найноўшае дасьледваньне пацьвердзіла, што рэгулярны здаровы сэкс карысны як для мужчынаў, так і для жанчын, і засьцерагае ад шэрагу недамаганьняў і хваробаў.

Для аматараў полавой стрыманасьці прыйшлі несуцяшальныя весткі. Калі адмова ад сэксу карысная, дык хіба што толькі з духоўнага пункту погляду, бо для цела яна нічога не дае. Наадварот, рэгулярны здаровы сэкс дае шэраг перавагаў, як мужчынам, так і жанчынам, зразумела, калі яны пры гэтым не падхопяць якую-небудзь хваробу, якая перадаецца полавым шляхам – гэтак падсумаваў вынікі шматлікіх навуковых дасьледваньняў амэрыканскі часопіс Forbes.

Спэцыялісты з Каралеўскага ўнівэрсытэту ў Бэлфасьце правялі чарговае грунтоўнае дасьледваньне. Яны прасачылі залежнасьць стану здароўя ад рэгулярнасьці полавых зносінаў і прааналізавалі дадзеныя аб сьмяротнасьці на працягу 10 гадоў сярод 1000 мужчынаў сярэдняга ўзросту, у якіх аднолькавы стан здароўя і матэрыяльны статус, але ў якіх вельмі рознае полавое жыцьцё. Вынікі дасьледваньня апублікаваў навуковы часопіс British Medical Journal. Аказалася, што сярод мужчынаў, якія мелі найболей аргазмаў, паказчык сьмяротнасьці быў напалову ніжэй, чым ў тых аднагодкаў, хто наагул не займаўся сэксам. Дарэчы, і іншыя дасьледваньні адназначна пацьвердзілі, што полавыя зносіны прынамсі некалькі разоў у тыдзень карысна ўплываюць на здароўе.

Паводле часопісу Forbes, навуковыя аргумэнты на карысьць сэксу наступныя:

– Сэкс паляпшяае нюх. Пасьля полавога акту арганізм вырабляе гармон – праляктын. Гэта ў сваю чаргу прымушае клеткі мозгу ствараць новыя нэўроны ў разьдзелах мозгу, якія адказныя за нюх.

– Сэкс зьмяншае рызыку хваробаў сэрца. Ужо пасьля дасьледваньня, праведзенага Каралеўскім унівэрсытэтам ў Бэлфасьце 2 гады таму, вучоныя засяродзілі сваю ўвагу на сардэчна-судзіннай сыстэме. Аказалася, што ў мужчынаў, якія займаюцца сэксам тры разы на тыдзень або і часьцей, рызыка інфаркту ды інсульту зьмяншаецца ўдвая.

– Сэкс зьніжае вагу цела і паляпшае агульны фізычны стан. У часе аднаго гарачага полавога акту спальваецца 200 калёрыяў, гэтак жа шмат як і ў выніку 15-хвіліннага бегу. У сэксуальна ўзбуджанага чалавека частата пульсу ўзрастае з 70 да 150 удараў, таксама як у спаротоўца ў часе максымальнай фізычнай нагрузкі. Апрача таго, напружасьць цягліцаў у часе полавага акту і павялічаная вытворчасьць тэстастэрону, разьвівае лагво, бёдры, шыю, клубы, рукі і грудную клетку. Вось таму навуковы часопіс Men’s Health назваў ложак найлепшай спартовай прыладай, якая дагэтуль была прыдуманая.

– У выніку сэксу зьніжаецца ўзровень дэпрэсіі. У часе дасьледваньня з удзелам 293 жанчынаў, амэрыканскі псыхоляг Гордан Гэллап высьвятліў, што сэксуальна актыўныя жанчыны, чые партнэры не карысталіся прэзэрватывамі, былі менш падатлівыя на дэпрэсію, чым тыя жанчыны, чыі партнэры ўжывалі прэзэрватывы ў часе полавага акту. Гэта тлумачыцца тым, што прастагляндын, гармон, які знаходзіцца ў мужскім семяні, стымулюе вытворчасьць жаночых гармонаў.

– Сэкс зьяўляецца абязбольваючым сродкам. Непасрэдна перад аргазмам узровень гармону аксытацыянаму павялічваецца ў 5 разоў. Гэта ў сваю чаргу стымулюе вытворчасьць эндамарфінаў, якія зьмякчаюць любыя болі: у тым ліку галаўны боль, боль у суставе і мігрэні. У жанчын сэкс падвышае ўзровень эстрагену, які глушыць боль зьвязаны з пэрыядам перад мэнструацыяй.

– Сэкс зьмяншае верагоднасьць прастуды і грыпу. З дасьледваньня праведзенага ва ўнівэрсытэце штату Пэнсыльванія, у людзей якія займаюцца сэксам адзін або два разы на тыдзень, колькасьць антыцелаў, званых імунаглабінам А, на 30% вышэй, чым у тых, хто займаецца сэксам меней. Гэтыя антыцелы вядомыя тым, што яны ўмацоўваюць імунную сыстэму.

– Полавыя акты папраўляць стан мачавога пухіра. У мэдыцыне вядомыя практыкаваньні для цягліцаў полавых органаў, званыя “мэтадам Кегеля”. Мы выконваем гэтыя практыкаваньні нават не усьведамляючы гэта, кожны раз, калі спыняем мочаспусканьне. Аказваецца, што аналягічныя мускулы працуюць і ў часе полавага акту.

– Сэкс станоўча ўплывае на стан зубоў. У спэрмаплазьме знаходзяцца цынк, кальцый ды іншыя мінэралы, якія ўзмазняюць зубы. Дарэчы, спэцыялісты нагадваюць, што ў адпаведнасьці з правіламі гігіены зубы трэба чысьціць перад полавым актам і пасьля яго, што само па сабе спрыяе здароўю зубоў.

– Сэкс спрыяе здароўю прастаты. Некаторыя ўролягі лічаць, што існуе непасрэдная сувязь паміж частатой эякуляцыі і прадухіленьнем раку прастаты. Яны тлумачаць гэта тым, што для вытворчасьці семянной вадкасьці, прастата і семянныя бурбалкі бяруць з крыві такія рэчывы, як цынк, цытрынавую кіслату і калій, і затым павялічваюць іхную канцэнтрацыю, часам у 600 разоў. Таксама зьбіраюцца канцэрагенныя субстанцыі ў крыві. Зразумела, эякуляцыі можна дасягнуць і самому, але ўсё ж лепш гэта рабіць з партнэрам або партнэркай дзеля ўзаемнай карысьці і прыемнасьці.

Калі сэкс карысны для здароўя, то ці можа яго быць зашмат? Гінэколяг, доктар Джордж Уінч і доктар Клейн Бэйлі з Брыстальскага ўнівэрсытэту лічаць, у выпадку жанчыны, калі яна не цяжарная, і ў яе няма сур’ёзных, полавых захворваньняў, перадазаваць сэкс бадай што немагчыма. Рэгулярныя заняткі сэксам толькі ўмацоўваюць жывот, клубы, і паляпшаюць жаночую фігуру. Што тычыцца мужчынаў, дык рызыка перадазаваньня ўсё ж існуе.