Створаны першы чалавечы эмбрыён

Кастусь Бандарук, Прага

У сёньняшнім выпуску: спрэчная заява амэрыканскага вучонага: спэцыяліст у галіне лячэньня бясплоднасьці – Панаётыс Завос паведаміў, што ён стварыў першы ў сьвеце склянаваны чалавечы эмбрыён.

“Мы стварылі першы чалавечы эмбрыён у рэпрадукцыйных мэтах”– паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў панядзелак (15 верасьня) ў Лёндане, доктар Панаётыс Завос, спэцыяліст у галіне лячэньня бясплоднасьці з Унівэрсытэту штату Кентукі. “Першы склянаваны эмбрыён можа быць імплянтаваны ў сурагатную маці яшчэ да канца гэтага году”– сказаў амэрыканскі навукоўца.

Ён паведаміў, што раней, у рамках выпрабаваньняў, сотні гібрыдаў чалавечых эмбрыёнаў, былі зьмешчаныя ў яйкаклеткі кароваў. У 40 адсоткаў выпадкаў, цьвердзіць Завос, экспэрымэнт ўдаўся. У выніку імплянтацыі, навукоўцы атрымалі каля двухсот чалавечых, мужскіх і жаночых, эмбрыёнаў у раньняй стадыі разьвіцьця. У іх усяго па 8-10 клетак. У замарожаным выглядзе, як гэта робіцца з дзяцьмі з прабіркі, яны захоўваюцца, пакуль ня знойдзецца для іх сурагатная маці. “Мы мелі намер імплянтаваць адзін з гэтых эмбрыёнаў ўжо ў ліпені, аднак у нашай сурагатнай маці зьявіліся ўскладненьні, і мы прыпынілі экспэрымэнт. Тым ня менш, да канцу году мы адновім яго,” – паведаміў Панаётыс Завос.

Завос адкінуў абвінавачаньні ў неэтычнасьці такіх выпрабаваньняў. Паводле вучонага, мэта ягонага экспэрымэнту з жывёльнымі яйкаклеткамі – “зразумець мэханізмы клетачнага разьвіцьця і мэтады клянаваньня” . Ён ўдакладніў, што мэтанакіравана не ўжываў больш разьвітыя эмбрыёны, у якіх каля 100 клетак. Завос патлумачыў, што перад кожнай імплянтацыяй ў жывёльныя яйкаклеткі, эмбрыёны былі грунтоўна абсьледваныя на наяўнасьць анамаліяў.

“Нас не цікавіць стварэньне монстраў” – дадаў ён. Завос адкінуў таксама абвінавачаньне ў тым, што ён і ягоныя калегі парушаюць закон, але не прызнаўся, дзе праводзіць свае экспэрымэнты. Ён толькі падкрэсьліў, што ў ніякім разе не працуе на тэрыторыі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, або Нямеччыны. Справа ў тым, што клянаваньне чалавека ў рэпрадукцыйных мэтах забаронена законам ў ЗША і ў Эўрапейскім зьвязе. Некаторыя лічаць, што Завос, з паходжаньня кіпрыёт, мажліва праводзіць свае экспэрымэнты недзе на Блізкім Усходзе альбо нават у Кітаі.

Аднак шэраг навукоўцаў зь недаверам паставіліся да заявы амэрыканскага вучонага. Справа ў тым, што яшчэ летась пра свае посьпехі ў галіне клянаваньня паведамлялі іншыя, напрыклад, італьянскі навукоўца Сэвэрыно Антыноры, а таксама сэкта раэльянаў. “Гэта не мае ніякага навуковага значэньня. Гэта – проста пагоня за сэнсацыяй,” – скэптычна адрэагаваў на словы Завоса, дырэктар Інстытуту клетачных тэхналёгіяў у Ворчэстэры Боб Лянза.

(Лянза: ) “Спроба клянаваньня чалавека без ўсебаковага вывучэньня магчымай рэакцыі з боку храмасомаў – справа небясьпечная, і з навуковага пункту гледжаньня, безадказная. Вядома, што ва ўсіх ранейшых спробах клянаваньня любых відаў, выяўляліся розныя анамаліі, і няма падставаў лічыць, што з чалавечымі эмбрыёнамі будзе інакш”

Таксама ня верыць ў посьпех амэрыканскага вучонага і доктарка Джэкі О’Конэлі з Кэмбрыджскага Ўнівэрсытэту.

(О’Конэлі: ) “Галоўная праблема з клянаваньнем палягае ў тым, што шматлікія эмбрыёны разьвіваюцца толькі да той стадыі, калі яны налічваюць па 128 клетак, а затым гінуць. Імплянтаваныя эмбрыёны рэдка дасягаюць сталасьці”.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што на дадзены момант немагчыма ацаніць верагоднасьць заявы Панаётыса Завоса, паколькі ён не апублікаваў вынікі сваіх працаў ў навукова-папулярных часапісах, кшталту Nature і Science. Аднак Завос кажа, што ён аддае перавагу публікацыям ў больш спэцыялізаваных выданьнях такіх, як “Рэпрадукцыйная біямэдыцына”. Ён дадаў, што яшчэ ў кастрычніку ён прадставіць вынікі сваёй працы на гадавым Сходзе Таварыства рэпрадукцыйнай мэдыцыны ў Тэхасе.

А зараз-найноўшыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

* Як мага часьцей дадавайце ў суп ды іншыя стравы ячменныя крупы. Згодна з дасьледваньнямі, ячмень побач зь мясам індыка і грыбамі зьяўляецца багатай крыніцай сэлену, які дапаможа прафілактыцы ад ракавых захворваньняў. Выяўлена, што гэты мінэрал ня толькі стрымлівае рост ракавых клетак простай кішкі, але таксама засьцерагае ад раку скуры. У шклянцы ячменных крупаў утрымліваецца больш як 7 міліграмаў сэлену, а таксама значная колькасьць карыснай для арганізму клятчаткі. У ячмені таксама шмат кальцыю, магнію, фосфару і калію.

* Захаваць пазнавальныя здольнасьці ў старэйшым узросьце можа вам дапамагчы экстракт з шалфею. Навукоўцы яшчэ дасьледваюць карысны ўплыў шалфею, аднак дакладна вядома, што актыўныя складнікі экстракту шалфею, які бывае таксама ў таблетках, непасрэдна зьвязаныя з памяцьцю і разумовымі здольнасьцямі. З дасьледваньняў вынікае, што шалфей пасьпяхова засьцерагае ад хваробы Альцгаймэра, і таму, у меру магчымасьці, пажадана ўжываць шалфей заміж солі ды іншых, прыправаў.

* Прыязнае, сяброўскае стаўленьне да Вашых супрацоўнікаў можа мець адчувальныя наступствы. Згодна з дасьледваньнямі, людзі, якія прыязна ставяцца да сваіх калегаў на працы, лепш выконваюць свае абавязкі, яны больш прадуктыўныя, чым тыя, хто ў дачыненьні да супрацоўнікаў захоўвае эмацыйную дыстанцыю. Атмасфэра прыязнасьці і добразычлівасьці дапамагае лепш справіцца з рознымі праблемамі, і дапамагчы пераадолець стрэс, які ў сваю чаргу, пашкоджвае імунную сыстэму і паскарае старэньне.