Празьмерная вага горшая за курэньне; скарачэньне сярэдняй працягласьці жыцьця на постсавецкай прасторы ды іншае

Кастусь Бандарук, Прага

Атлусьценьне становіцца пандэміяй у шэрагу краінаў сьвету, найперш у Злучаных Штатах. Яно акрэсьліваецца з дапамогай гэтак званага паказчыка BMI – індэксу масы цела (body mass index) – супастаўленьнем масы цела і росту. Нармальным чынам гэты паказчык не павінен перавышаць адзнакі 25 пунктаў, а калі дасягае і перавышае 30, тады маем дачыненьне з празьмернай вагою. У выпадку адзнакі 40, неабходнае інтэнсіўнае лячэньне ўлучна з хірургічным умяшаньнем. Што цікава, уземазалежнасьць паміж вагою цела і працягласьцю жыцьця не аднолькавая для ўсіх. Белыя жывуць найдаўжэй пры індэксе масы цела ад 23 да 25, а афраамэрыканцы – ад 23 да 30.

Зараз кожныя два з трох дарослых амэрыканцаў лічацца празьмерна тоўстымі. Для параўнаньня: яшчэ ў 1960-я гады празьмерную вагу меў кожны чацьверты амэрыканец. У Велікабрытаніі занадта тоўсты кожны пяты мужчына і кожная чацьвертая жанчына. Хаця ў сьвядомасьці многіх людзей празьмерная вага – гэта ўсяго толькі пытаньне эстэтыкі і выгляду, аднак спэцыялісты лічаць, што гэта сур’ёзная мэдычная праблема. Аб гэтым сьведчаць вынікі найноўшага дасьледаваньня, апублікаваныя ў “Journal of the American Medical Association”, а таксама ў часопісе “Annals of Internal Medicine”.

“Вельмі часта празьмернай масе цела прысьвячаецца нашмат меней увагі, чым іншым фактарам рызыкі – курэньню, гіпэртаніі, гіпэрхалестэрынэміі. Таму і ня дзіўна, што зьява атлусьценьня пашыраецца”, – пішуць дасьледчыкі з Бостану-д-р Джоэн Мэнсан і Шэры Басук. Тымчасам празьмерная вага зьяўляецца галоўным чыньнікам рызыкі ў выпадку многіх хваробаў. У тоўстых людзей у 3 разы часьцей бывае падвышаны крывяны ціск, узровень халестэрыну, а таксама дыябэт 2 тыпу. Значна часьцей здараюцца сардэчна-судзінныя хваробы і розныя віды раку. Ад хваробаў, зьвязаных з празьмернай вагою, штогод паміраюць 280 тысячаў амэрыканцаў, і неўзабаве таксама ў іншых краінах сьвету ў гэтым сэнсе атлусьценьне апярэдзіць нэгатыўныя наступствы курэньня, алкагалізму і беднасьці.

Паводле навукоўцаў, існуе наўпростая залежнасьць паміж вагою і працягласьцю жыцьця: атлусьценьне скарачае жыцьцё ў сярэднім на 10 гадоў. Як паказалі вынікі найноўшых дасьледаваньняў, праведзеных паралельна ў ЗША і Эўропе, у некаторых групах насельніцтва працягласьць жыцьця скарачаецца яшчэ болей – амаль на 20 гадоў. Д-р Дэйвід Аткінсон і ягоныя калегі з Унівэрсытэту Алябама выявілі, што атлусьценьне асабліва небясьпечнае для маладых і людзей у сярэдніх гадох. У прыватнасьці, тоўстыя белыя мужчыны ва ўзросьце ад 20 да 30 гадоў жывуць на 13 гадоў карацей, чым іхныя равесьнікі з нармальнай вагою. У жанчынаў гэты разрыў складае 8 гадоў. Сярод тоўстых афраамэрыканцаў працягласьць жыцьця скарачаецца на 20 гадоў у мужчынаў і на 5 гадоў у жанчынаў.

У сярэднім узросьце празьмерная вага больш небясьпечная, чым курэньне, – лічаць навукоўцы. Зараз у ЗША ды іншых разьвітых краінах эпідэмія курэньня выразна пайшла на спад. У 1965 годзе курылі 40% амэрыканцаў, а летась – менш за 22%. Затое ўзрастае праблема пераяданьня і таўсьценьня. Тоўстыя мужчыны і жанчыны, якія кураць, жывуць у сярэднім на 7 гадоў менш за людзей, якія кураць, але пры гэтым маюць адпаведны індэкс масы цела, і ажно на 13 гадоў менш за тых мужчынаў і жанчынаў, якія ня кураць і пры тым маюць нармальную вагу.

Празьмерная вага – гэта таксама эканамічная праблема. Навукоўцы са штату Мічыген вывучалі залежнасьць паміж атлусьценьнем і коштамі лячэньня. Яны дасьледавалі 200 тысячаў супрацоўнікаў кампаніі General Motors, падзеленых на 6 групаў паводле вагі цела. Вынікі двухгадовага дасьледаваньня апублікавалі ў “American Journal of Health”. Злучаныя Штаты штогод выдаткоўваюць на лячэньне і ахову здароўя больш як 13% нацыянальнага валавога прадукту. З дасьледаваньня вынікае, што гадавы кошт лячэньня тоўстых людзей быў на 1500 даляраў вышэйшы, чым кошт лячэньня астатніх, і складаў у сярэднім 3750 даляраў.

У сувязі з маштабамі праблемы, навукоўцы даюць асноўныя парады для тых, хто хоча пахудзець:

- пазьбягайце кафэіну, цукру і газаваных напояў усіх відаў,
- заміж дыстыляванай вады піце 8-10 шклянак мінэральнай вады за дзень,
- харчуйцеся ў меру магчымасьці рэгулярна. Хай сьнеданьне будзе у вас асноўнай ежай, абед зь невялікай колькасьцю жывёльных пратэінаў, а вячэра найменш калярыйная, кшталту супаў і салатаў,
- абмяжоўвайце колькасьць калёрыяў, хай яны не назапашваюцца ў выніку пасіўнага ладу жыцьця, спажывайце як мага болей садавіны і гародніны,
- заміж звычайнага тлушчу спажывайце расьлінны, у прыватнасьці, льняны алей,
- адмаўляйцеся ад сядзячага ладу жыцьця, не забывайцеся пра рух і фізычныя практыкаваньні,
- памятайце, што празьмерную вагу цяжэй скінуць, чым яе набыць.

У адрозьненьне ад амэрыканцаў, якія пры сваім атлусьценьні з кожным годам ў сярэднім жывуць даўжэй – мужчыны 74, а жанчыны 80 гадоў – працягласьць жыцьця жыхароў постсавецкай прасторы за апошнія 10 гадоў скарацілася. Такія вынікі дасьледаваньня, праведзенага аўстрыйскім навукова-дасьледчым інстытутам IHS (Institut fur Hoehere Studien) на чале з Бэрнгардам Фэльдэрэрам. Інстытут зьяўляецца каардынатарам праекту, у рамках якога, паводле замовы Эўразьвязу, 11 інстытутаў вывучаюць крызыс сыстэмы аховы здароўя ў краінах СНД. У дасьледаваньні ўзялі ўдзел 18 тысячаў чалавек з 8 краінаў СНД: Армэніі, Беларусі, Грузіі, Казахстану, Кыргістану, Малдовы, Расеі і Ўкраіны.

У прыватнасьці, зараз у Расеі сярэдняя працягласьць жыцьця найніжэйшая з усіх краінаў СНД. Яна дасягае 65 гадоў: 58 у мужчынаў і 72 у жанчынаў. У першыя гады пасьля распаду Савецкага Саюзу гэты паказчык дасягнуў найніжэйшай адзнакі; у 1994 годзе расейцы ў сярэднім жылі 63 гады: мужчыны – 57, а жанчыны – 71 год. Найвышэйшым ён быў ў 1986-87 гадох, калі расейцы жылі ў сярэднім 70 гадоў. Толькі за апошнія 6 месяцаў насельніцтва Расеі скарацілася амаль на паўмільёна чалавек. Мяркуецца, што ў палове 21-га стагодзьдзя расейцаў будзе ўсяго 70 мільёнаў. Для параўнаньня, армяне жывуць у сярэднім 70 гадоў, латышы і эстонцы – па 64 гады. Што тычыцца жанчынаў, дык найдаўжэй яны жывуць у Грузіі, а найкарацей ў Туркмэністане – 70 гадоў.

Дырэктар венскага Інстытуту IHS Бэрнгард Фэльдэрэр тлумачыць гэта эканамічнымі і палітычнымі прычынамі. Стрэс, зь якім мужчыны спраўляюцца цяжэй, чым жанчыны, выкліканы найперш няўпэўненасьцю ў заўтрашнім дні. Толькі чвэрць грамадзянаў СНД глядзяць з аптымізмам у будучыню, затое нэгатыўна ацэньваюць сваю эканамічную сытуацыю і пэрспэктыву яе паляпшэньня ў будучыні 36% расейцаў. У Армэніі каля паловы дарослага насельніцтва – беспрацоўныя. “Што ім застаецца апроч таго, як ад безвыходнасьці і лішкаў свабоднага часу пацягнуцца да водкі і цыгарэтаў. У Расеі курыць амаль палова мужчынаў і 15% жанчынаў, а ў расейскіх мужчынаў часта бываюць запоі”, – кажа Фэльдэрэр.

Адчуваецца моцная настальгія па старой сыстэме – падкрэсьліваюць аўстрыйскія дасьледчыкі. Дзьве траціны расейцаў і больш за тры чвэрці ўкраінцаў лічаць, што развал Савецкага Саюзу адмоўна адбіўся на ўзроўні іхнага жыцьця. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да ідэалізацыі мінулага: 35% расейцаў упэўненыя, што справы пайшлі б на лепшае, калі б вярнулася старая сыстэма. У Беларусі, дзе, як лічаць заходнія экспэрты, дэ-факта не адбыўся дэмантаж камуністычнай сыстэмы, справы нашмат лепшыя.Толькі 3% беларусаў скардзяцца на рэгулярныя праблемы з пастаўкамі электрычнасьці, тады як у Расеі – 9% насельніцтва, а ў Армэніі – ажно 43% . У Беларусі толькі 4,5% грамадзянаў маюць праблемы з атрыманьнем мэдычнай дапамогі, тады як у Расеі і Армэніі, адпаведна, – 10 і 38%. Даволі нечаканым быў для заходніх дасьледчыкаў яшчэ адзін вынік апытаньня. У сярэднім больш як 20% жыхароў СНД ня могуць сябе забясьпечыць самымі неабходнымі прадуктамі харчаваньня, такімі як хлеб, малако і цукар. У такой сытуацыі жыхароў СНД ратуе той факт, што многія сем’і маюць зямельны ўчастак, які ім дапамагае пражыць.

І на заканчэньне-парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.

Вы можаце ажно на траціну зьменшыць рызыку захворваньня на рак страўніка, калі як мінімум адзін раз ў тыдзень будзеце спажываць моркву. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, наагул жоўтая або чырвоная гародніна, у тым ліку і перац, могуць зьменшыць рызыку раку страўніка на 36%. Надзвычай карысная ў гэтым сэнсе і белая гародніна, у прыватнасьці, розныя віды капусты. Калі ў вашай штодзённай дыеце 5 разоў у дзень будуць розныя віды гародніны, ваш біялягічны ўзрост будзе на 4 гады маладзейшы.

У барацьбе з грыпам Вам можа выдатна дапамагчы чорная гарбата. Зразумела, найбольш пасьпяхова можна засьцерагчыся ад грыпу, ўтрымліваючы гігіену, а таксама прышчапіўшыся супраць віруса, аднак чорная гарбата можа ўзмоцніць Ваш арганізм. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, у людзей, якія двойчы ў дзень п’юць чорную гарбату, імунная сыстэма значна менш падатлівая на вірус грыпу. Наагул падтрыманьне імунных здольнасьцяў арганізму можа зрабіць Ваш біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

Калі Вам цяжка прабачыць некаму, хто правініўся перад Вамі, паспрабуйце самакрытычна прыгадаць тыя выпадкі, калі Вы пакрыўдзілі іншых. Захоўваньне ў сабе крыўды можа падвысіць узровень стрэсу і нэгатыўна адбіцца на Вашым псыхічным здароўі. Дбайнасьць пра сваё эмацыйнае здароўе і добрае самаадчуваньне можа амаладзіць Ваш біялягічны ўзрост на 16 гадоў.