Як пазбыцца дэпрэсіі без прыёму лекаў і ці трэба думаць перад тым, як пакласьці ў рот пілюлю, прызначаную вам лекарам

Сяргей Абламейка, Прага

Лета скончылася, пачынаецца новы працоўны сэзон, а вам ня надта хочацца працаваць, вы пачуваецеся стомлена і часта думаеце, што ўсё вакол ня мае вялікага сэнсу – гэта прыкметы, што з вашай псыхікай нешта адбываецца. Але палохацца ня трэба. Гэта можа быць добра вядомая лекарам так званая восеньская дэпрэсія. Тое, што людзі вельмі зьвязаныя з прыродай, пацьвярджаюць і зьмены нашага настрою, зьвязаныя зь пераменамі ў прыродзе. Бязрадасны восеньскі настрой зьвязаны пераважна са зьмяншэньнем сонечнага сьвятла.

У такой сытуацыі людзі часта зьвяртаюцца па дапамогу да лекараў і пачынаюць прымаць лекі. Але з дэпрэсіяй увосень можна змагацца і бязь лекаў. Што трэба зрабіць найперш? Заходнія мэдыкі раяць перадусім не выбівацца з рытму – трэба паспрабаваць перавесьці сваё жыцьцё на так званы “станаторны” рэжым. Гэта значыць 8 гадзінаў спаць, 8 – працаваць, і 8 астатніх гадзінаў аддаваць на ўсе іншыя заняткі. Асабліва важна ўвосень не забывацца на кантакты зь людзьмі. Сустракайцеся з сябрамі, хадзіце часьцей у госьці і запрашайце гасьцей да сябе. Вельмі кепска ўвосень бавіць час на самоце дома ці на прыродзе, але сярод чужых людзей. Апошняя форма праводжаньня часу нават атрымала ў заходніх псыхолягаў назву “самоты сярод людзей” – яна мала каму ідзе на карысьць. “Самота сярод людзей” выклікае і празьмернае ўжываньне алькаголю. Алькаголь жа настрой паляпшае толькі на некалькі гадзінаў, а праз пару дзён дэпрэсію толькі паглыбіць.

Яшчэ адна прыкмета пагаршэньня псыхалягічнага стану – бяссоньне. Каб яго ліквідаваць, важна не ператамляцца і мець хаця б адзін выходны ў тыдзень. Важна таксама не зьбіваць рытм сну – калі вы, скажам, штодзень устаяце а сёмай, а ў суботу сьпіцё да 12-й – гэта якраз і саб’е ваш рытм сну. Для нармальнага сна вельмі важна не перасыпаць.

Наагул жа мэдыкі распрацавалі 10 парадаў, як пазьбегнуць ці пазбыцца дэпрэсіі, не прымаючы адмысловых лекаў.

1. Знайдзіце сабе гобі. Калі вы яго маеце, увосень аддавайцеся яму з большай інтэнсыўнасьцю. Калі вы летам актыўна займаліся спортам і схуднелі, працягвайце трэніравацца і далей.

2. Станьце гурманам. Шмат хто зь людзей “вырашае” свае праблемы праз аб’яданьне. Нядаўняе францускае дасьледаваньне паказала, што 25 працэнтаў тоўстых жанчынаў пакутуюць на дэпрэсію, а сярод звычайных жанчынаў гэты паказьнік складае 14 працэнтаў. Вашая ежа павінна быць багатая на вітаміны групы В і С, а таксама мінэралы. У Вялікай Брытаніі нядаўна выйшла кніга “Mind Guidе to Food and Mood” (“Кухня добрага настрою”). У ёй сьцьвярджаецца, што кепскі настрой выклікаюць шакаляд, яйкі, малочныя вырабы і апэльсіны. Падымуць жа вам настрой садавіна і гародніна, асабліва зеляніна, марская рыба, грэцкія гарэхі і семкі гарбуза.

3. Завядзіце хатнюю жывёлу. Калі ў вас не хапае часу на сабаку, хай гэта будзе кот ці нават хатняя птушка або хамяк.

4. Навучыцеся адпачываць. Вызначыце сабе пэўны час, які вы зможаце патраціць менавіта на сябе. Напрыклад, зачынецеся ў пакоі і зрабіце шэраг расслабляльніх практыкаваньняў кшталту ёгі або і проста гімнастыку. Сапраўдны адпачынак ня мае нічога агульнага з паходам у бар ці рэстаран.

5. Паспрабуйце масаж. Напрыклад японскі масаж шыа-цу, які паходзіць ад традыцыйных кітайскіх мэтадаў лячэньня. Усходнія масажы вельмі моцна ўзьдзейнічаюць на разьмеркаваньне энэргіі ў арганізме чалавека і сёньня заваёўваюць усё больш прызнаньня ў сьвеце. Паводле традыцыйнай кітайскай мэдыцыны, на стан нашага здароўя ўплываюць сем эмоцыяў. Напрыклад, радасьць уплывае на працу сэрца, гнеў і дэпрэсія залежаць ад працы печані, смутак вядзе да пашкоджаньня лёгкіх, доўгатрывалы стрэс мае ўплыў на падстраўнікавую залозу, а страх паходзіць з нырак.

6. Стану псыхікі вельмі дапамагае і так званаы floating, які зараз вельмі распаўсюджваецца на Захадзе. Мэтад флоўтынгу прадугледжвае, што чалавек памяшчаецца ў яйкападобную вану вузкім канцом нагару, на дне якой налітая вада, па сваім складзе ідэнтычная вадзе зь Мёртвага мора. Хімічны склад вады такі, што яна не дазваляе вам пагрузіцца, і чалавек як бы гушкаецца гадзіну на паверхні пад прыемную музыку. Тыя, хто паспрабаваў гэтую працэдуру, кажуць што адчулі сябе як бы ўваскросшымі.

7. Рух – галоўны лек ад дэпрэсіі і кепскага настрою. Пры гэтым няважна, які тып руху вы выбіраеце. Пры фізычнай актыўнасьці ў целе выдзяляюцца гармоны добрага настрою – эндарфіны. Гэта можа быць спорт або танец.

8. Не паддавайцеся суму. Калі чалавек сьмяецца, у ягоным арганізме як і пры руху ў выніку актывацыі залозаў унутранай сэкрэцыі вядзяляюцца эндарфіны. Эндарфіны або гармоны добрага настрою падвышаюць імунітэт, падаўляюць боль і паляпшаюць працу сэрца і судзінаў. Сёньня на Захадзе ўжо вельмі шырока распаўсюджаная сьмехатэрапія – нацыентам з псыхічнымі і фізычнымі праблемамі даюць глядзець гумарыстычныя кліпы і чытаюць гумарыстычныя апавяданьні.

9. Захоўвайце нармальны рытм жыцьця. Датрымлівайце свае штодзённыя рытуалы, штодзень і пры любым надвор’і хадзіце на прагулкі. І ў выходныя дні ўставайце прыблізна тады, калі ўстаяце ў працоўныя, каб не парушыць біярытм арганізму.

10. Не адкладайце праблемы “на пасьля”. Старайцеся вырашаць іх адразу, калі яны ўзьнікаюць. Адкладаньне праблемы можа ў выніку прывесьці да пачуцьця віны за невырашэньне нейкай сытуацыі. А гэта можа выклікаць або пагоршыць дэпрэсію.


***

Амэрыканскі часопіс “Time” надрукаваў днямі сэнсацыйную інфармацыю, якая прымушае кожнага з нас больш уважліва ставіцца да лекаў, якія мы прымаем. Паводле падлікаў мэдычнага часопісу “Archives of Internal Medicine”, у сярэдняй амэрыканскай клініцы на 300 ложкаў кожны дзень здараецца 40 памылак пры выдачы ці прыёме лекаў. Пры звычайнай невялікай запоўненасьці амэрыканскіх шпіталёў гэта азначае, у сярэднім, па дзьве памылкі на аднаго пацыента ў дзень! Храктар памылак, звычайна, – несвоечасовы прыём лекаў, неадпаведная доза або і выдача не таго лякарства. І хоць сапраўды небясьпечныя памылкі складаюць усяго 7 працэнтаў ад іх агульнай колькасьці, мэдычная грамадзкасьць сур’ёзна заклапочаная і прапануе цэлы шэраг крокаў, якія б дапамаглі мінімізаваць пагрозу ад няправільнага прыёму лекаў.

Дадзеныя па беларускіх клініках не публікаваліся, і, наагул, наўрад ці такія дасьледаваньні ў Беларусі праводзіліся. Можна, аднак не сумнявацца, што і ў беларускіх шпіталях такія памылкі здараюцца. Таму і беларускія грамадзяне павінны быць гатовыя, каб абараніць сябе ад так званай фармацэўтычнай пагрозы.

Шэраг амэрыканскіх клінікаў пачалі ўводзіць кампутарныя сыстэмы выдачы лекаў. Гэта дазволіць пазьбягаць, напрыклад, памылак, якія зьвязаныя з фізычнай стомленасьцю малодшага мэдычнага пэрсаналу. Аптэкі пачалі прастаўляць штрыхаваны код ня толькі на ўпаковачных каробках, але і непасрэдна на камвалютках зь пілюлямі – каб пасьля пры выдачы пацыенту можна было скантраляваць ідэнтычнасьць лекаў і ўпакоўкі. З мэтай разгрузіць мэдычных сёстраў пасьля начных дзяжурстваў некаторыя мэдычныя ўстановы пачалі ўводзіць дадатковыя штатныя адзінкі, у чые абавязкі ўваходзіць толькі выдача лекаў. Усё гэта добра, – піша часопіс “Time”, – але новаўвядзеньні забяруць нейкі час, да таго ж і яны не гарантуюць нас ад памылак. Таму часопіс прапануе кожнаму самому клапаціцца аб сваім здароўі з дапамогай некалькіх простых парадаў.

1. Будзьце актыўным пацыентам. Паводле новых дасьледаваньняў, самая распаўсюджаная памылка ў прыёме лекаў – перабольшаная доза. Другая па частаце памылка – прыём лекаў у няправільны час. Абедзьве гэтыя памылкі маглі б сустракацца значна радзей, каб пацыенты і іх сем’і ставіліся да дозаў і часу прыёму лекаў больш уважліва. І гэтыя ж памылкі наносяць значна больш шкоды, калі здараюцца зь дзецьмі або старымі людзьмі. Бо менавіта ў гэтай катэгорыі хворых яны могуць выклікаць праблемы зь імунітэтам і цяжкія прыступы алергіі.

2. Задавайце пытаньні. Ня бойцеся паказацца лекару навязьлівым. Пытайцеся ў яго, якому леку ў вашым лячэньні ён аддае перавагу, як і на што гэты лек дзейнічае, як і колькі яго трэба прымаць і гэтай далей. Трэба добра вывучаць і зьбіраць інструкцыі да лекаў. Фактычна, пацыент – самая лепшая лінія абароны ад памылкі. Старайцеся запомніць нават колер і форму сваіх пілюляў, каб пасьля выпадкова не прыняць ня тую.

3. Кантралюйце людзей, якія вам выпісваюць лекі або выдаюць іх у аптэках. Не спыняйцеся перад тым, каб лішні раз запытацца фармацэўта ў аптэцы, аб выпісаным леку.

4. Старайцеся кантраляваць сытуацыю, калі вы або нехта з вашай сям’і трапіў у цяжкае становішча. Напрыклад, трапіў у шпіталь і яго адначасова кансультуюць і выпісваюць яму лекі некалькі спэцыялістаў у розных галінах. Запытайцеся ў мэдыкаў пра сумяшчальнасьць выпісаных лекаў адно з адным. Не забывайцеся запытацца пра пабочныя эфэкты.

5. Калі вы лечыцеся амбуляторна, дык старайцеся навязаць добрую сувязь з адным ці двума сямейнымі лекарамі, якія добра ведаюць членаў вашай сям’і ды іх хранічныя хваробы. Ня трэба думаць, што кожны лекар будзе трымаць у памяці ўсе хваробы вашага сямейства і ўсе лекі, якімі вы лечацеся. Змушайце і яго часьцей зазіраць у даведнік.

Ніхто, апрача вас саміх не паклапоціцца аб вашым здароўі – і ня трэба перакладаць гэты клопат на дактароў, – піша часопіс “Time”. Дбайце пра сябе самі. Лекі, якія часта ратуюць нам жыцьцё і здароўе, пры няслушным зь імі абыходжаньні, могуць здароўе і жыцьцё забіраць.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Вы робіце вельмі правільна, калі кожны дзень прымаеце вітамін Е. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што дыета, багатая на вітамін Е або штодзённы прыём самога вітаміну могуць рэзка скарачаць рызыку разьвіцьця атэрасклерозу і іншых хваробаў судзінаў. RealAge сьведчыць, што рэгулярны прыём 400 умоўных адзінак вітаміну Е можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшым.

2. Калі вы чакаеце адмоўных пабочных эфэктаў ад лячэньня, вы можаце іх зазнаць. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што калі пацыенты чакалі ўскладненьняў ад лячэньня ці пабочных эфэктаў ад прыманых лекаў, яны мелі іх нават тады, калі бралі так званыя placebo – бяскрыўдную імітацыю лекаў. Гэта прымусіла навукоўцаў задумацца над ранейшай высновай аб тым, што чаканьне адмоўных эфэктаў можа павялічваць здольнасьць іх пераадолець. У кожным выпадку RealAge сьведчыць, што захапленьне лекамі або прыём іх неналежным чынам могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на чатыры з паловай гады старэйшым.

3. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што мёд зьяўляецца выдатнай крыніцай антыаксыдантаў – рэчываў, якія запавольваюць старэньне клетак чалавечага арганізму. Навукоўцы дасьледавалі сем гатункаў мёду і знайшлі, што самы дзейсны і багаты на антыаксыданты – мёд цёмнага колеру, сабраны з кветак грэчкі. Да ліку антыаксыдантаў належаць вітаміны А, Е і С, а таксама сэлен і каэнзім Q10. Таму навукоўцы рэкамэндуюць выкарыстоўваць мёд замест цукру, каб падсаладзіць чай ці канапку. RealAge сьведчыць, што атрыманьне дастатковай колькасьці антыаксыдантаў праз харчаваньне і харчовыя дадаткі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

4. Нават калі вы займаецеся фізычнымі практыкаваньнямі, гэта яшчэ не азначае, што вы маеце дастатковую фізычную нагрузку. Навукоўцы дасьледавалі групу людзей, якія аддавалі пэўны час на ранішнюю гімнастыку штодзень, і высьветлілі, што гэтага было недастаткова для аптымальнага энэргетычнага балянсу ў іх арганізме. Таму мэдыкі раяць сёньня дадаць да фізычных практыкаваньняў яшчэ нейкі від фізычнай актыўнасьці кшталту працы на сваім гародзе або заняткаў ёгай. RealAge сьведчыць, што дастатковая фізычная нагрузка, якая выпрацоўвае вытрываласьць, сілу і гнуткасьць, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 8 гадоў маладзейшым.