(Іваноў: ) Амаль кожны чалавек хоча жыць доўга. І гэта зразумела. Але амаль ніхто ня хоча доўга быць старым. Ці можна захаваць здароў’е да старасьці? Як зрабіць так, каб і ў сталым веку адчуваць сябе поўным сілаў?
Яшчэ ў 18 стагодзьдзі сярэдняя працягласьць жыцьця ў Заходняй Эўропе не перавышала і 30 гадоў. Сёньня ж яна тут паволі набліжаецца да 80. На сьвеце сёньня ў сярэднім жывуць прыблізна 65 гадоў. Прычына – выразнае паляпшэньне ўмоваў жыцьця і надзвычайны прагрэс мэдыцыны.
21 стагодзьдзе можа стаць сьведкам яшчэ больш выразнага падоўжаньня жыцьця чалавека. І таму ў нашых перадачах сэрыі “Жывіце доўга, новыя сакрэты доўгажыхарства” мы будзем расказваць вам ня толькі пра новыя здабыткі мэдыцыны ў гэтай галіне, але і пра традыцыйныя парады (памяркоўнае стаўленьне да ежы, устрыманьне ад празьмернага піцьця алькаголю, пазьбяганьне стрэсаў ды фізычныя практыкаваньні). Удзельнічаць у нашых перадачах згадзіліся экспэрты Ўсясьвеінай арганізацыі аховы здароў’я, сярод якіх ёсьць самыя аўтарытэтныя вучоныя гэрантолягі і спэцыялісты іншых галінаў мэдыцыны.
Практычныя парады: як захаваць здароў’е да старасьці – будуць даваць спэцыялісты Амэрыканскай грамадзка-навуковай арганізацыі “Realage”, якая за акіянам лічыцца адным з самых аўтарытэтных дарадчыкаў.
Мэдыцына сёньня наблізілася да рэвалюцыйнага адкрыцьця сакрэту старэньня чалавечага арганізму. Магчыма хутка лекары з надзвычайнай дакладнасьцю змогуць адказаць на пытаньне: чаму з двух чалавек, якія жывуць прыблізна ў аднолькавых умовах, адзін памірае адносна маладым, а другі дажывае да глыбокай старасьці.
Калі ў мінулым годзе ўпершыню была складзеная мапа генаў чалавечага арганізму, перад вучонымі паўстала вялізная карціна, якая складалася з прыблізна 40 тысячаў генаў і амаль трох млрд. генэтычных кодаў. Расшыфроўка іх сёньня – надзвычай складанае заданьне, якое стаіць перад генэтыкамі і біёлягамі.
Гэтыя гены, разьмеркаваныя паміж 46 храмасомамі, прысутнічаюць амаль у кожнай клетцы чалавечага арганізму. Яны адказныя за стварэньне новых тканінаў, стан паасобных ворганаў, прадукцыю гармонаў і энзымаў.
Франк Колінз, дырэктар Амэрыканскага Нацыянальнага Інстытуту вывучэньня генафонду, сьцьвярджае: “Калі мы зразумеем генэтычныя прычыны той альбо іншай хваробы чалавека, тады мы зможам заблякаваць прадукаваньне пратэіну хворымі клеткамі з дапамогай адпаведных лекаў…”
І сапраўды, тэарэтычна ўсё выглядае даволі проста. А як з практычным бокам геннай тэрапіі? Ці сапраўды новыя адкрыцьці ў галіне генэтыкі здольныя рэальна падоўжыць працягласьць жыцьця чалавека? Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне, я зьвярнуўся да галоўнага каардынатара праектаў вывучэньня працягласьці жыцьця чалавека Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я доктара Робэрта Бэрталіні. Вось, што ён мне адказаў.
(Бэрталіні: ) “Разьвіцьцё даследваньняў у галіне генэтыкі і выкрыцьцё генаў, адказных за такія “хваробы-забойцы”, як рак ці сардэчна-сасудавыя хваробы, зразумела, павінна спрыяць паляпшэньню агульнага стану здароў’я чалавецтва. Гэта дазволіць людзям жыць даўжэй, а галоўнае – даўжэй быць здаровымі. Сёньня мы, лекары, маем дастатковыя веды дзеля таго, каб значна палепшыць агульны стан здароў’я людзей, умовы іх жыцьця. Гэта пакуль што робіцца традыцыйнымі мэтадамі: зьменай стылю жыцьця, адмовай ад дрэнных звычак, паляпшэньнем экалягічнай сытуацыі і г.д. На канкрэтныя ж вынікі “генэтычнай рэвалюцыі” у мэдыцыне трэба яшчэ пачакаць. Мы пакуль што толькі прыглядаемся да ўнікальніх вынікаў працы генэтыкаў”.
(Іваноў: ) “Эгіпецкая царыца Клеапатра штодня прыймала ванны з асьлінага малака, спадзеючыся, што гэта прынясе ёй вечную маладосьць, але ейная заўчасная сьмерць не дазволіла праверыць дзейснасьць гэтага рэцэпту.
Старажытны грэцкі філёзаф Сафокл, які дажыў да 90 гадоў, распрацаваў цэлую філязофскую сыстэму здаровага жыцьця. Але ці менавіта яна дазволіла яму жыць так доўга?
Вядомы брытанскі прэм’ер Ўінстан Чэрчыль, здавалася б, усё ў сваім жыцьці рабіў дзеля таго, каб псаваць здароў’е. Ён шмат курыў, піў моцныя алькагольныя напоі, еў празь меру, ніколі не займаўся спортам. І таксама дажыў амаль да 100 гадоў.
У чым жа тут справа? Няўжо ўмовы чалавечага жыцьця і тое, як чалавек ставіцца да свайго здароў’я, так мала ўплываюць на працягласьць жыцьця? Пракамэнтаваць гэтую праблему я папрасіў доктара Рабэрта Бэрталіні, галоўнага экспэрта ў галіне працягласьці жыцьця Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я”.
(Бэрталіні: ) “У гэтым шмат праўды. Галоўную ролю ў захворваньні на цяжкія хваробы адыгрывае генэтычная схільнасьць. Але тут трэба мець на ўвазе адну важную акалічнасьць. Калі нехта мае генэтычную схільнасьць да раку лёгкіх, але ён стала ўстрымліваецца ад курэньня, дык малавергодна, што гэты чалавек захварэе на рак. Зразумела, калі гэтая генэтычная схільнасьць ня надта выразная, альбо калі раку ня будуць спрыяць нейкія іншыя – напрыклад, экалягічныя – фактары.
Праўда, што генэтыка адыгрывае вельмі важную ролю ў схільнасьці чалавека да некаторых цяжкіх хваробаў і вызначае: будзе ён жыць коратка ці доўга. Але і іншыя фактары нельга ігнараваць. І яшчэ адно: мы ня можам чакаць цудаў ад генэтыкі. Я лічу, што ў справе падаўжэньня чалавечага жыцьця абодва працэсы павінны адбывацца адначасна: генная тэрапія і паляпшэньне варункаў жыцьця чалавека”.
(Іваноў: ) “Генная рэвалюцыя ў мэдыцыне толькі пачынаецца. І куды яна прывядзе, ня ведае ніхто. Вызначаны прыродай (ці Богам) максымальны тэрмін працягласьці жыцьця чалавека пакуль што застаецца нязьменным. І таму сёньня галоўнае заданьне мэдыцыны і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я – павялічыць як мага болей тую частку чалавечага жыцьця, якую спэцыялісты-гэрантолягі называюць пэрыядам здароў’я. Быць здаровым як найдаўжэй – над гэтым заданьнем працуюць тысячы лекараў і навукоўцаў сьвету.
А цяпер для тых, хто хоча і намагаецца жыць доўга і здарова, парады амэрыканскай грамадзка-навуковай арганізацыі “Realage”:
- Асобы, якія займаюць кіраўнічыя пасады, даволі часта знаходзяцца ў стане стрэсу. Стрэсавыя сытуацыі садзейнічаюць выдзяленьню арганізмам гармону карцізол, які ў сваю чаргу блякуе абменныя працэсы ў арганізме. У выніку чалавек, нават нягледзячы на адпаведную дыету і фізычныя практыкаваньні, увесь час таўсьцее. Лекары ў гэтым выпадку раяць зьвярнуцца да традыцыйных мэтадаў расслабленьня (адпачынак, аўтатрэнінг і рэзкая перамена заняткаў). Рэкамэндуюцца таксама заняткі ёгай і штодзённай мэдытацыяй.
- Агульны стан вашага здароў’я залежыць ад таго, як вы дыхаеце. Доўгае, павольнае дыханьне замест кароткага і перарывістага спрыяе правільнаму функцыянаваньню сэрца, лёгкіх, пячонкі і ўсяго арганізму. Яно дазваляе вам лягчэй расслабляцца, спраўней пераадольваць стрэсавыя сытуацыі, і галоўнае – дазваляе самому кантраляваць функцыянаваньне паасобных ворганаў.
- Апошнія навуковыя даследваньні сьведчаць аб тым, што прагляд телеперадачаў перад сном зьяўляецца значна больш небясьпечным фактарам узьнікненьня бяссоніцы, чымся позьняя вячэра ці чытаньне дэтэктываў перад сном.
- Паводле вынікаў апошніх даследваньняў францускіх навукоўцаў, асобы, якія на працягу 10 гадоў рэгулярна прымаюць мультывітаміны, маюць на 60% меншую рызыку захварэць на катаракту вачэй. Асабліва важную ролю ў прафіляктыцы хваробаў вачэй адыгрываюць вітаміны “С” і “Е”.
(Іваноў: ) “Задаць пытаньне жанчыне: “Колькі вам гадоў?” – лічыцца нетактоўным. І гэта справядліва, дарэчы, ня толькі ў адносінах да жанчынаў, але і да мужчынаў. Адзін трыццацігадовы можа выглядаць на 40, а іншаму пэнсіянэру можна толькі пазайздросьціць – ягонаму маладому і здароваму выгляду. У значнай ступені гэта залежыць ад спадчыннага генафонду кожнага паасобнага чалавека, а таксама ад стылю і ўмоваў ягонага жыцьця. У аднаго чалавека працэсы старэньня арганізму ідуць хутчэй, у іншага павольна. І таму часам рэальны біялягічны ўзрост чалавека, якому паводле пашпарту, напрыклад, 70 гадоў, можа быць на 10 і нават болей гадоў меншы.
Амэрыканская грамадзка-навуковая арганізацыя “Realage” распрацавала спэцыяльны даволі дакладны тэст, які дазваляе кожнаму з дапамогай адказаў прыблізна на 30 пытаньняў даведацца пра свой рэальны біялягічны, а не храналягічны ўзрост. У наступнай перадачы сэрыі “Жывіце доўга, новыя сакрэты доўгажыхарства” мы падрабязна пазнаёмім вас з гэтым тэстам”.