У ДРУГІМ ТУРЫ ВЫБАРАЎ У БЕРАСЬЦІ ПЕРАМАГЛА ЎЛАДА

Алег Супрунюк, Берасьце

У дзьвюх берасьцейскiх акругах па выбарах у абласны савет сябры БСДП “Народная грамада” Анатоль Ляўковiч i Натальля Галанiна саступiлi кандыдатам, якiя карысталiся падтрымкай мясцовых уладаў. Аналягiчны вынiк атрымаўся i ў дзевяцi акругах па выбарах у гарадзкi савет Берасьця i двух акругах — у Пiнску, дзе ў другiм туры бралi ўдзел апазыцыйныя i незалежныя кандыдаты. Яшчэ ў адной пiнcкай акрузе, дзе балятаваўся сябар БНФ Аляксандар Аўсеенка, выбары не адбылiся.

Прадстаўнiкi мясцовай апазыцыi, лiчаць неверагодным той факт, што iхныя вылучэнцы набралi ўчора ў два-тры разы меней галасоў, чым у першым туры. Гэта можа сьведчыць пра буйныя фальсыфiкацыi вынiкаў галасаваньня (тым больш, што нiкому з назiральнiкаў не дазволiлi прысутнiчаць падчас падлiку галасоў).