У БЕЛААЗЁРСКУ ПРАХОДЗІЦЬ ДРУГІ ТУР ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ

Ягор Маёрчык, Берасьцейская вобласьць

За мандат дэпутата змагаюцца Надзея Быкава — кіраўніца грамадзкай жаночай ініцыятывы “Таіс” і лекар Тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня Аляксандар Канановіч. Галасаваньне адбываецца ў працоўны час. Яно будзе доўжыцца да дваццаці гадзінаў. Але ўжо цяпер можна сказаць, што другі тур адбыўся: выбарчы ўчастак наведала больш за чвэрць жыхароў акругі. Паводле заканадаўства, пераможа той з кандыдатаў, хто набярэ простую большасьць.

Назіральнікі фіксавалі пакуль толькі дробныя парушэньні. Так, камісія дазваляла прагаласаваць бяз пашпарту ці кінуць бюлетэні ад імя сваякоў. Сябры гарадзкой падліковай камісіі размаўляць са мной адмовіліся. Яны спасылаюцца на вусную забарону райвыканкаму кантактаваць зь незалежнымі журналістамі.

Сямёра ўжо абраных дэмакратычных дэпутатаў, а таксама кандыдатка Надзея Быкава складаюць кааліцыю. Яны вылучаліся шляхам збору подпісаў. Часам агітацыйнай кампаніі карысталіся аднымі й тымі ж мэтадамі — наведалі кватэры ўсіх выбарцаў. У праграмах пераважаюць абяцаньні добраўпарадкаваць Белаазёрск і наладзіць нармалёвую працу камунальнай гаспадаркі гораду.

Іхных супернікаў вылучалі працоўныя калектывы. Агітацыя за кандыдатаў ад улады прайшла незаўважнай.

Папярэднія вынікі другога туру выбараў дэпутатаў гарадзкога савету Белаазёрску будуць вядомыя сёньня бліжэй да 10 гадзінаў вечара.