ДАТЭРМІНОВА ПРАГАЛАСАВАЛА БОЛЬШ ЗА 20% ВЫБАРЦАЎ

Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, усяго ў Беларусі прагаласавалі датэрмінова амаль паўтара мільёна выбарцаў, або 20,7% ад іх агульнай колькасьці. Гэты сярэдні паказьнік перавышаны ў Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцях. Празь дзьве гадзіны галасаваньня ў нядзелю прагаласавала ўжо чвэрць усіх беларускіх выбарцаў. На пытаньне, ці адбудуцца мясцовыя выбары, спадарыня Ярмошына адказала:

(Ярмошына: ) “Так, мы разьлічваем на гэта, але ж вы не забывайцеся, што гэтыя лічбы, уласна кажучы, ня ўлічваюць усіх асаблівасьцяў гэтай выбарчай кампаніі. Для выбараў, напрыклад, у горадзе Берасьці ў гарадзкі савет абсалютна ўсё роўна, што сяло прыйдзе на выбары ў колькасьці 90,9%. Я думаю, што ў абласныя саветы, бо там большая частка тэрыторыі прыпадае на невялікія, правінцыйныя гарады й вёскі, вядома ж, бальшыня выбараў адбудуцца. А вось у горадзе — тут мажлівыя любыя асаблівасьці”.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі спадарыні Ярмошынай я наведаў адзін з участкаў для галасаваньня Менскай вобласьці — Навінкаўскі выбарчы ўчастак, які разьмешчаны ў Рэспубліканскім клінічным псыхіятрычным шпіталі каля Менску. Старшыня ўчастковай камісіі Станіслаў Саковіч, ён жа намесьнік галоўнага доктара шпіталя па мэдычнай частцы, паведаміў колькасьць тых, хто прагаласаваў да 10-й гадзіны раніцы.

(Саковіч: ) “111 пацыэнтаў. Усяго, хто мае права, чалавек 190”.

Такім чынам, на ўчастку ў Навінках за першыя дзьве гадзіны ў нядзелю прагаласавала больш за 58% выбарцаў. Адметна, што пацыенты як псыхіятрычнага шпіталя, гэтак і ўсіх іншых мэдычных установаў Беларусі галасуюць у бальшыні сваёй у тых акругах, дзе яны стала не жывуць. Спадар Саковіч лічыць гэта нармальным:

(Саковіч: ) “Ну, маюць права. Таму што яны ня могуць пакінуць сьцены шпіталя, яны прагаласуюць тут. Напрыклад, Навінкі адносяцца да Менскага раёну й Менскай вобласьці, і можа быць, нават па месцы жыхарства гэта быў бы той кандыдат. Але мы ня можам пазбавіць іх права голасу”.

А кіраўніца Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заяўляе, што менавіта на сельскіх выбарчых участках кіпяць найбольш бурныя жарсьці. Яна распавяла пра выпадак у адной зь вясковых камісіяў, са складу якой была выведзеная жанчына:

(Ярмошына: ) “Дзеля таго, каб забясьпечыць абраньне сваёй стрыечнай сястры, яна абвяла флямастэрам квадрацік насупраць прозьвішча сваёй пратэжэ. То бок зьвярнула ўвагу выбарцаў. А гэта — 300 чалавек. Мова йшла пра 300 бюлетэняў. Іх давялося зьнішчыць і вырабіць новыя бюлетэні”.

Спадарыня Ярмошына не ўхваляе таксама тыя выпадкі, калі падчас датэрміновага галасаваньня зь бюлетэняў выкрэсьліваюць прозьвішчы кандыдатаў, якіх здымаюць з дыстанцыі. Я папрасіў старшыню ЦВК пракамэнтаваць такія выпадкі ў Маскоўскім раёне Менску, дзе зьнялі 5 кандыдатаў — чатырох сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі й беспартыйнага Сяргея Чыслава, якому пасьля паказу фільмаў “Звычайны прэзыдэнт” і “Дзікае паляваньне” інкрымінавалі абразу прэзыдэнта.

Лідзія Ярмошына сказала, што гэтыя пяцёра кандыдатаў не зьвярталіся са скаргамі ў Цэнтарвыбаркам, але зазначыла:

(Ярмошына: ) “Цэнтральная камісія ўвогуле асуджае практыку скасаваньня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў той момант, калі ўжо йдзе галасаваньне, — з тае прычыны, што гэта ўвогуле не дае пэрспэктываў ані Цэнтральнай камісіі, ані кандыдатам у дэпутаты працягнуць удзел у маратоне. Таму ўсё трэба рабіць своечасова. Я не кажу аб правамернасьці рашэньня — я кажу, што мы не ўхваляем гэтую практыку”.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму таксама паведаміла, што ў нядзелю працавалі 6680 выбарчых участкаў, на якіх маглі знаходзіцца 8500 назіральнікаў. Ніводнага міжнароднага назіральніка сярод іх не было.