НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПРЫМУШАЮЦЬ ГАЛАСАВАЦЬ ДАТЭРМІНОВА

Алег Супрунюк, Берасьце

Амаль з усiх рэгiёнаў Берасьцейскай вобласьцi прыходзяць зьвесткi пра тое, што датэрмiновае галасаваньне адбываецца пад прымусам. Людзей, асаблiва тых, хто працуе ў дзяржаўных установах, абавязваюць прыйсьцi на выбарчыя ўчасткi яшчэ да 2 сакавiка. Вось што, напрыклад, паведамiў старшыня Пiнскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камiтэту Вiктар Ярашук:

(Ярашук: ) “Тэлефанавалi ўчора ўвесь дзень, людзi абрывалi правады, прыходзiлi да iх i кажуць: “Iдзiце нават з працы галасаваць датэрмiнова. Калi ня пойдзеце, будуць пытаньнi”. Могуць нават звольнiць. Людзi плачуць: “Мы не жадаем, але ж куды можам падзецца!” Гэта, у першую чаргу, навучальныя ўстановы (але ня ўсе), прадпрыемствы гандлю, харчаваньня, ЖКГ i гэтак далей. Людзей выганяюць — i тыя iдуць, хоць i ня вельмi жадаюць. I ўжо даволi высокiя адсоткi: там, дзе iнтэрнаты, ўжо ўвогуле за 10 адсоткаў”.

Да гэтага можна дадаць, што настаўнiкам школаў загадалi кантраляваць удзел у выбарах бацькоў сваiх вучняў. А ў некаторых берасьцейскiх будаўнiчых арганiзацыях бугальтэрыя адмаўляецца выплачваць супрацоўнiкам аванс i камандзiровачныя, пакуль тыя не прагаласуюць датэрмiнова.