ЗАРЭГІСТРАВАНЫЯ КАНДЫДАТЫ Ў ДЭПУТАТЫ НЯ МОГУЦЬ РАСПАЧАЦЬ АГІТАЦЫЮ

Уладзімер Глод, Менск

Кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету Павал Знавец ужо на працягу тыдня мог бы праводзіць сустрэчы з выбарцамі, але ўлады дагэтуль не далі на тое дазволу.

(Знавец: ) “Яны настолькі выбары зрабілі рэглямэнтаванымі і амаль што немагчымымі для агітацыі, што проста дзіву даесься. Я не магу сустрэчу з выбарцамі арганізаваць у якім-небудзь памяшканьні, нават калі я з кімсьці дамоўлюся. Нават калі я ў двары буду выступаць, гэта будзе таксама расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. І гэта абцяжарвае самым сур’ёзным чынам усялякую агітацыю”.

Уся перадвыбарная агітацыя, згодна з пастановай Цэнтарвыбаркаму, падпадае пад дзеяньне Закону аб мітынгах, шэсьцях, сходах, пікетаваньнях і прэзыдэнцкага дэкрэту №11. Таму кандыдаты ў дэпутаты мусяць падаваць заяўку на сустрэчы з выбарцамі. Згодна з Законам, аж за 15 дзён да іх пачатку. Дазвол дае выканаўчая ўлада таго рангу, у савет якога балятуесься. І калі, напрыклад, у Горках хтосьці зьбіраецца стаць дэпутатам абласнога савету, ён мусіць ехаць з заяўкай праз усю вобласьць у Магілёў.

Да таго ж улады не сьпяшаюцца. Паводле таго ж Паўла Знаўца, ён разам зь яшчэ адным кандыдатам у дэпутаты Іванам Лабачовым адразу ж пасьля рэгістрацыі падалі заяўкі ў Менскі гарвыканкам на правядзеньне пяці пікетаў. Адказу няма да гэтага часу. Зразумела, кандыдаты нэрвуюцца.

Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч кажа, што прааналізаваў разам з калегамі пастанову Цэнтарвыбаркаму і мэтадычныя рэкамэндацыі для выбарчых камісіяў. І прыйшоў да наступнай высновы адносна дзеяньняў супрацоўнікаў ЦВК:

(Стэфановіч: ) “Яны выйшлі за межы кодэксу, бо Выбарчы кодэкс распаўсюджвае дзеяньне Закону аб дэманстрацыях на сустрэчы з выбарцамі толькі пры абмеркаваньні пытаньняў, што вынесеныя на рэфэрэндум. Пікеты і мітынгі, паводле Закону аб дэманстарцыях, гэта зразумела. Але сустрэчы з выбарцамі — гэта проста сустрэчы з выбарцамі, якія не рэгуляваліся Законам аб дэманстрацыях. А зараз атрымліваецца, што такое мерапрыемства правесьці немагчыма. Усе ягоныя ўдзельнікі могуць быць адміністрацыйна пакараныя”.