Камэнтуючы тое, што ніводнага прадстаўніка БСДП НГ не ўлучылі ў склад выбарчых камісіяў, старшыня абласной арганізацыі Аляксей Гаўруцікаў заўважыў, што з пэўных крыніцаў яму дакладна вядома пра тое, што маецца афіцыйнае распараджэньне “не прапусьціць” апазыцыянэраў у выбарчыя камісіі любога рангу.
У Віцебскай вобласьці гэтае распараджэньне выканана амаль на 100%: толькі ў Воршы ў склад гарадзкой выбарчай камісіі ўдалося трапіць каардынатару гарадзкога цэнтру “Крывіч”, сябру БНФ “Адраджэньне” Алесю Шутаву.
На думку кіраўнікоў апазыцыйных партыяў, і ў прыватнасьці сп. Гаўруцікава, нават ва ўчастковыя камісіі дапускаюцца толькі “правераныя кадры”, якія ў сваёй бальшыні ўжо маюць папярэдні досьвед выбарчае працы ды падвядзеньня “патрэбных” вынікаў.