УДЗЕЛЬНІКІ ЖАЛОБНАГА ШЭСЬЦЯ НА КУРАПАТЫ ЗГАДВАЛІ ДЗЯДЫ 1988 ГОДУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёлетняе традыцыйнае шэсьце ў Курапаты на Дзяды пачалося ад прахадной мескага гадзіньнікавага заводу, дзе сабралася каля 500 актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Маладога Фронту, Партыі БНФ, сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады”, “Зубра” ды і ншых арганізацыяў, а таксама простыя грамадзяне.

Перад пачаткам паходу на Курапаты я пацікавіўся ў некаторых вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, чым адметнае гэтае ўжо пятнаццатае публічнае адзначэньне Дзядоў. Вось меркаваньне вядомага літаратара, старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявона Баршчэўскага:

(Баршчэўскі: ) “Сёлетняе сьвята больш адметнае тым, мне здаецца, што расьце разуменьне ў грамадзтве, што чалавек без гістарычнай памяці — гэта не чалавек. Мне здаецца, што за гэты год цікаўнасьць у грамадзтве да гісторыі павысілася. Ведаю, што многія людзі купляюць кнігі, цікавяцца гэтымі пытаньнямі. Яны, можа, ня ўсе гатовыя выйсьці на вуліцу і пайсьці ў Курапаты, яны яшчэ да гэтага не дасьпелі. Але тое, што гэта імпрэза спрыяе пашырэньню гістарычнай памяці, а ў гэтым залог нашай будучыні, у мяне сумненьняў няма”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, як гэта ні парадаксальна, што дзень памінаньня продкаў Дзяды сталі для беларускай нацыі сымбалем адраджэньня:

(Трусаў: ) “Дзяды для Беларусі ёсьць сымбалем адраджэньня нашай нацыі. Тым больш, што сёньня мы ідзем у Курапаты пятнаццаты раз. І калі сталі адзначаць Дзяды, гэта першая прыкмета, што наша нацыя пачала абуджацца. Гэта сымбаль абуджэньня, бо ў нашых дзядоў культ продкаў заўжды быў моцна шанаваны. Курапаты ў апошнія гады паказалі, што народ можа сам зрабіць свой мэмарыял”.

У сацыял-дэмакратаў з “Народнай грамады”, якія бралі ўдзел у агульным шэсьці, склалася свая традыцыя адзначэньня Дзядоў. Апавядае лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэтае сьвята — успамін аб нашых продках. Ну й акрамя таго, першае публічнае сьвяткаваньне ў найноўшай беларускай гісторыі ў 1988 годзе надало гэтаму сьвяту і пэўны палітычны сэнс. Але ў нас ужо ёсьць пэўная партыйная традыцыя. Мы пройдзем з агульнай калёнай да скрыжаваньня праспэкту Скарыны з вуліцай Каліноўскага, і невялікай групай наведаем на Ўсходніх могілках магілу першага лідэра нашай партыі Міхася Ткачова. Ускладзем кветкі, памянем яго памяць, а потым дагонім калёну. Ёсьць рэчы, якія павінны быць пастаяннымі”.

Апоўдні калёна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й са сьпевамі рушыла праспэктам Скарыны ў бок Курапатаў. Удзельнікі акцыі несьлі з сабой больш дзясятка крыжоў, якія меліся ўсталяваць на тэрыторыі мэмарыялу. Многія мае суразмоўцы ў калёне казалі, што публічнае адзначэньне Дзядоў стала магчымым таму, што ў 1988 годзе на гэтую акцыю выйшлі дзясяткі тысяч менчукоў, якіх міліцыя труціла газам і зьбівала дубінкамі. Таму арганізатары шэсьця адмыслова спыніліся каля Ўсходніх могілак і згадалі тых, хто 15 гадоў таму ўпершню за савецкі час выйшаў на гэтае месца, каб ушанаваць сваіх продкаў.