Пэнсіянэрка Часлава Семяновіч адгукнулася на заклік “усім народам усталяваць крыжы на магілах пакутнікаў рэпрэсіяў 1937-1941 гадоў”, якія знаходзяцца ў Курапатах. Спачатку яна сабрала 566 тысячаў рублёў, якія перадала кіраўніцтву Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, да якой належыць. Ёй паведамілі, што столькі грошай удалося сабраць толькі ёй адной, і што на іх зрабілі 50 крыжоў.
Гэтымі днямі Часлава Семяновіч сабрала яшчэ 522 тысячы рублёў. За дзень ёй удавалася часам атрымаць ахвяраваньні ад 85 чалавек. Звычайна яна абыходзіць кватэры, прыватныя дамы, а таксама езьдзіла на прыгарадны кірмаш.
(Семяновіч: ) “У пятніцу я сабрала 75 тысячаў, у суботу — 85, а ў нядзелю — меней. Бо адзін паляцеў да міліцыі, але я ўцякла… Зайшла ў гандлёвы павілён, распранулася і гляджу праз вакно: міліцыянт паляцеў да аўтобусаў. Я тады прапусьціла свой, села ў іншы аўтобус, які прывез мяне да аўтастанцыі, і я пайшла зьбіраць грошы ў прыватных дамах”.
Чаславе Семяновіч даводзіцца тлумачыць, чаму ў Курапатах усталёўваюць крыжы. Некаторыя адмаўляюцца ахвяраваць грошы, іншыя даюць. Часам толькі 500 рублёў. Але часьцей па тысячы-дзьве. А быў выпадак — жонка дала 2 тысячы, а муж — 5.
(Семяновіч: ) “Давалі — хто колькі можа. Але сабрала, дзякуй Богу”.
Часлава Семяновіч — верніца, рэгулярна наведвае касьцёл у сваім мікрараёне. Для яе вельмі важна, каб над братнімі магіламі ў Курапатах стаялі крыжы.