КРЫЖЫ Ў КУРАПАТАХ ПРАСТАЯЦЬ І ТРЫЦЦАЦЬ, І СОРАК ГАДОЎ…

Ганна Соусь, Менск

Штосуботы актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ не зважаючы на надвор’е і ўласныя справы прыходзяць ў Курапаты — прыбіраюць сьмецьце, выкошваюць траву, высякаюць кустоў’е. Гаворыць спадарыня Вера.

(Вера: ) “Гэта стала як неабходнасьцю, прыйсьці ў суботу, папрацаваць, прыбраць недапалкі, сьмецьце. Выходзіш пасьля працы такі стомлены, але такое натхненьне, што зрабіў добрую справу, і нам неяк на душы робіцца лепей”.

Спадарыня Вера падлівае ваду ў самаробную вазу для кветак ля крыжа “Пактнікам Беларусі”. Кветак тут шмат — і пасаджаных і прынесеных. На месцы, дзе калісьці стаяў намёт абаронцаў Курапатаў, стаіць букет астраў.

Надоечы ў Курапацкім лесе блізу вескі Цна актывісты КХП БНФ знайшлі чалавечыя парэшткі. Распавядае Ўладзімер Плотнікаў.

(Плотнікаў: ) “Я капаў яміну пад крыж і ўбачыў аскепкі чэрапу. Я адразу не зразумеў, што гэта. Бліжэй разгледзеў, і там былі нейкія зьвіліны на гэтых аскепках. Пачаў надалей мякка разрываць ды знайшоў рабрыныя косткі. Мы паклалі гэта ў цэлафанавы пакет і чакаем, што прыйдуць археолягі й будуць далей весьці раскопкі. Таму што жудасна капаць там, дзе нашыя людзі ляжаць”.

Недалёк ад таго месца, дзе былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі, частка нядаўна ўсталяваных крыжоў стаяць без папярэчынаў. Іх мусілі былі прывезьці яшчэ некалькі тыдняў таму, аднак паўстала праблема з фірмай, што вырабляе драўляныя крыжы на замову актывістаў КХП БНФ. Сытуацыю тлумачыць Уладзімер Юхо.

(Юхо: ) “На сёньняшні дзень чацьверты выпадак перасьледу тых людзей, якія вырабляюць гэтыя крыжы. Увесну 2001 году тут у Цне мы ў прыватнага гаспадара зрабілі першыя 20 крыжоў. Праз два тыдні зьявіліся людзі ў цывільным і так напалохалі гаспадара, што ён адмовіў нам і сказаў, каб мы вывезьлі ўвесь матэрыял. Сёньня якраз не прывезьлі крыжы, бо ёсьць праблемы ўжо ў чацьвертым месцы, дзе мы робім іх. Дазнаюцца ж, дзе гэта робіцца... Хаця гэта законна, і які тут можа быць перасьлед? Іх непакоіць, што Курапаты, як мэмарыял ужо існуе, і пра гэта ведае ўвесь сьвет”.

Я запытала Ўладзімера Юхо, як доўга могуць прастаяць драўляныя крыжы?

(Юхо: ) “Вось мы стаім зараз перад крыжом “Пакутнікам Беларусі”. Ён ужо амаль 15 гадоў стаіць, а казалі, што драўляны ня будзе стаяць. А гэтыя крыжы мацнейшыя. Пераважна яны з хвоі. Думаю, што на наш век хопіць, на пакаленьне тых, хто ставіў гэтыя крыжы. Мы будзем яшчэ апрацоўваць, прапітваць тыя крыжы, што паставілі ўлетку. Зьнізу яны таксама апрацаваныя, і я думаю, што трыццаць-сорак гадоў яны будуць стаяць”.