У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ЧАРГОВАЯ ТАЛАКА

Ганна Соусь, Менск

Праяжджаючы па кальцавой дарозе, многія кіроўцы спыняліся ля курапацкага пагорку, дзе ў суботу з раніцы працавалі некалькі дзясяткаў актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Яны нанова ўсталёўвалі крыжы, вырваныя невядомымі вандаламі на пачатку мінулага тыдня. Актывіст партыі Ўладзімер Плотнікаў бярэ ўдзел амаль у кожнай талацэ ў Курапатах:

(Плотнікаў: ) “Пасьля таго, як па “Свабодзе” перадалі, што тут павырывалі крыжы, я сказаў, што мы на гэтым месцы паставім у 10 разоў болей. Гэта няпросты час, прыходзім і ставім. Няхай ўсе супраць нас, улада… І я рады, што я не адзін. Кожную суботу прыходзяць гэтыя людзі, і я разам зь імі”.

8-9 лістапада 2001 году Ўладзімера Плотнікава за абарону Курапатаў аштрафавалі на 1,5 мільёна рублёў, і дагэтуль зь яго вылічваюць 20% заробку.

Далей я падыходжу да Ўладзімера Юхо. Ён выкопвае яміну пад крыж.

(Юхо: ) “Сёньня мы адновім тыя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі, які ябылі зруйнаваныя, выцягнутыя, скінутыя ў лесе. Будзем рыхтаваць месцы для ўстаноўкі астатніх 70 крыжоў. Усю частку Курапатаў акружым крыжамі”.

Побач з Уладзімерам Юхо на талацэ працаваў актывіст КХП-БНФ Віктар Скрабец. Ягонага дзеда Алейніка Адама ў трыццатыя гады растралялі карнікі НКВД, хутчэй за ўсё ў Курапатах. Я запыталася спадара Віктара, хто, на ягоную думку, руйнуе крыжы ў Курапатах.

(Скрабец: ) “А хто жыве бязь веры? Бальшавікі. Я так называю людзей, якія хочуць жыць як усе. Усе ў балоце, і яны ў балоце. А хто хоча жыць са сьветлай душой, той жыве й прыходзіць сюды, працуе”.

Мой наступны суразмоўца – Алег Палетаеў. Ён не належыць ні да якой палітычнай партыі. Проста пачуў па Радыё Свабода пра чарговы акт вандалізму ў Курапатах і прыйшоў ва ўрочышча ўзяць удзел у талацэ.

(Карэспандэнтка: ) “Як можна абараніць Курапаты ад вандалізму? Што трэба зрабіць, каб такое не паўтарался?”

(Палетаеў: ) “Я баюся, што гэта будзе доўга паўтарацца. Напэўна, не адное пакаленьне павінна вырасьці, каб мы нешта зразумелі. Будзем ставіць крыжы, будуць людзі бачыць”.

Думку Алега Палетаева працягвае актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Усевалад Сіняк:

(Сіняк: ) “Для мяне гэта такі духовы боль. Адчуваецца, што тут расстраляныя й закапаныя найлепшыя сыны Беларусі таго часу. Дух іх вітае над гэтым месцам, і душам іх, напэўна, да гэтага часу неспакойна”.

Сыходзячы з Курапатаў, я зьвярнула ўвагу на дарожныя адхілы, якія так моцна праселі пасьля дажджу, што пяском засыпала брукаваную дарожку. І ўзгадала ўчорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі, які раіў ім паглядзець, якую добрую кальцавую дарогу пабудавалі вакол Менску ў скарочаны тэрмін – за паўтара году.