ГОД ТАМУ АДБЫЛОСЯ ЎЧАРЫСТАЕ ЗАКРЫЦЬЦЁ ВАХТЫ ПАМЯЦІ Ў КУРАПАТАХ

Гутарыла Алена Радкевіч

(Вядучая: ) “Побач са мной ў студыі знаходзіцца нашая карэспандэнтка Ганна Соусь, якая зрабіла больш за 200 рэпартажаў з Курапатаў і была сьведкам і, так бы мовіць, летапісцам абароны нацянальнага нэкропалю. Ганна, як цяпер, праз год, можна ацаніць вынікі той унікальнай акцыі?”

(Соусь: ) ”Па-першае, я хацела б дадаць і пра яшчэ адную важную дату. 15 гадоў таму 3 чэрвеня ў газэце “Літаратура й Мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка й Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”, зь якога фактычна й пачалася барацьба грамадзкасьці за Курапаты, якая доўжыцца й дагэтуль. І адным з найбольш важных этапаў барацьбы за нацыянальны нэкропаль была 250-дзённая вахта памяці моладзі, якая распачалася ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, калі пачалася высечка лесу ў Курапатах у сувязі з будаўніцтвам кальцавой дарогі, і скончылася больш чым праз восем месяцаў. Праз курапацкую вахту прайшлі некалькі соцень валанцёраў з Маладога Фронту, Беларускай Партыі Свабоды, руху “Зубр” ды іншых арганізацый”.

(Вядучая: ) “Ганна, нагадайце, калі ласка, асноўныя этапы доўгатэрміновай вахты памяці ў Курапатах. Якія падзеі былі, на ваш погляд, самымі вызначальнымі?”

(Соўсь: ) “Безумоўна, гэта падзеі 8 і 9 лістапада 2001 году. Наступ АМОНу на курапацкі лягер, больш за сотню затрыманых, бульдозэры крушаць асьвечаныя крыжы, самазвалы засыпваюць пяском людзей, якія стаяць у насыпу дарогі, АМОН пускае ў валанцёрскі намёт сьлезацечны газ, міліцыянты зьбіваюць дубінкамі людзей, якія трымаюцца за крыжы... І тут жа ўноч зноў паўстаюць новыя самаробныя крыжы, адноўлены намёт, супрацьстаяньне прцягваецца... Нягледзячы на тое, што пачалі будаваць дарогу праз Курапаты.

І яшчэ адная трагічная падзея. У ноч з 18 на 19 красавіка згарэў вайсковы намёт валанцёраў. 24-гадовы Алесь Поклад атрымаў моцныя апёкі і больш за два месяцы правёў у шпіталі. Дарэчы, зараз ён паправіўся і адчувае сябе няблага. На наступны дзень пасьля пажару ў Курапатах зьявіліся два новыя маленькія намёты. Вахта памяці працягвалася. Апроч валанцёраў, у акцыі абароны ўрочышча бралі ўдзел актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, чыімі намаганьнямі паўстала “Алея Крыжоў” у Курапатах, актывісты грамадзкай ініцыятывы ”За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і сотні людзей, якія прыходзілі ва ўрочышча, прыносілі валанцёрам харчы, несьлі крыжы, ладзілі талокі”.

(Вядучая: ) “Ганна, калі узгадваць вашую журналіскую працу ў Курапатах, ці не маглі б Вы прыгадаць найбольш адметны выпадак ці гісторыю, якая найбольш дакладна характарызуе гэтую ўнікальную акцыю?”

(Соусь: ) “На мой погляд, асьвятленьне курапацкай вахты памяці карэспандэнтамі Радыё Свабода варта разглядаць менавіта ў працягласьці, як адзіную гістрыю. “Кніга аднаго рэпартажу” – такім быў падзагаловак да выданьня “Дарога праз Курапаты”, якое выйшла ў сьвет напрыканцы 2002 году. У гэтай кніге зьмешчаныя ўсе рэпартажы з Курапатаў, якія штодня гучалі на хвалях Радыё Свабода ад восені 2001 да 3 чэрвеня 2002 году. А для тых, хто ня мае гэтае кнігі, хацела бы параіць зьвярнуцца да нашага сайту, дзе гэтаксама ў адмысловай рубрыцызьмешчаная хроніка курапацкіх падзеяў ад верасьня 2001 году да цяперашняга часу, бо супрацьстаяньне вакол Курапатаў усё яшчэ працягваецца. Што да канкрэтнай гісторыі, то я ўзгадваю словы настаўніцы Валянціны Трэмбіцкай, якая год таму, стоячы ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі” зьвярнулася да абаронцаў Курапатаў: “Дарагія мае дзеці й унукі! Я вельмі ганаруся вамі. Вы зрабілі вялікую справу. Вы ўвайшлі ў гісторыю Беларусі, гэткай маленькай кропелькай, але ўвайшлі. Хто вы? Сьвятыя ці рамантыкі, ці Дон-Кіхоты, ці вы людзі сьвядомыя, якія маюць свае ідэалы, якія любяць свой народ, сваю Радзіму. За гэта вялікі Вам дзякуй!"