Фільм “Не зусім забыты лес” быў зьняты чэскімі журналістамі Марэкам Душэкам і Анджэем Соўпам на пачатку 2002 году. На чэскай тэлевізіі яго прэм’ера адбылася 16 сакавіка сёлета, а ў Беларусь адзіную касэту гэтага фільма прывез сябра курапацкай ініцыятывы гісторык Ігар Кузьняцоў. 21 траўня прэм’ерны паказ адбыўся ў Менску. Перад пачаткам паказу фільма слова ўзяў адзін зь лідэраў ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка:
(Арэшка: ) “Здымкі гэтага фільма праходзілі ў пэрыяд самай актыўнай барацьбы за Курапаты. Калі там стаялі намёты й наступалі бульдозэры — там ёсьць гэтыя кадры. Фільм гэты — гістарычны. Ён ня проста паказвае хвілінную сытуацыю, ён дае пэўную панараму падзеяў, якая склалася ў Беларусі цягам апошніх 10 гадоў. І гэты фільм прымушае задумацца”.
Цягам 30 хвілінаў аўтар фільма распавядае пра гісторыю Беларусі апошняга 10-годзьдзя, пра Курапаты. Размаўляе зь Зянонам Пазьняком, гісторыкамі Ігарам Кузьняцовым і Міколам Крывальцэвічам, зь людзьмі, якія ўсталёўвалі ў Курапатах крыжы.
У канцы фільма гледачам дэманструюцца партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага ды паведамляецца, што, нажаль, у Беларусі па-ранейшаму адбываюцца палітычныя рэпрэсіі.
Сваімі ўражаньнямі ад пабачанага падзяліўся адзін з герояў фільма Мікола Крывальцэвіч:
(Крывальцэвіч: ) “Фільм, безумоўна, надзённы. І самае галоўнае, што чэскія дакумэнталісты, якія былі тут, — яны самі перажылі сытуацыю, блізкую да нашай. І яны вельмі добра адчулі сытуацыю, якая склалася ў Беларусі — гэта вельмі добра адчуваецца па фільму. І вось гэтая сувязь сучаснасьці ў заканчэньні фільма пра тое, што й цяпер у Беларусі адбываюцца рэпрэсіі, і рэпрэсіі жорсткія, якія заканчваюцца зьнішчэньнем людзей, — гэтая сувязь з Курапатамі адчуваецца. І ў гэтым актуальнасьць гэтага фільму”.
Аўтарскі тэкст фільму “Не зусім забыты лес” пакуль яшчэ не перакладзены на беларускую мову, але сябры курапацкай ініцыятывы зьбіраюцца зрабіць пераклад у самы бліжэйшы час. Неўзабаве фільм пра Курапаты таксама пабачаць польскія, нямецкія і ўкраінскія гледачы.
Навуковы кіраўнік мэмарыялу Курапаты Мая Кляшторная распавяла пра рашэньне, прынятае 20 траўня навуковай радаю Дэпартамэнта захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны. Цяпер усе работы ў непасрэднай блізіні ад мэмарыялу забароненыя, а межы Курапатаў і плян мэмарыялізацыі павінная вызначыць установа-ўласьнік ўрочышча, прызначаная Саветам міністраў. Сябры курапацкай ініцыятывы лічаць гэтае рашэньне добрым і своечасовым, але сумняюцца, што цяперашнія ўлады пачнуць мэмарыялізацыю Курапатаў.