АКТЫВІСТЫ КУРАПАЦКАЙ ІНІЦЫЯТЫВЫ БУДУЦЬ ПАТРАБАВАЦЬ АГАРАДЗІЦЬ ТЭРЫТОРЫЮ МЭМАРЫЯЛУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

5 траўня ў Курапаты прыйшлі некалькі актывістаў грамадзкай ініцыятывы з граблямі, рыдлёўкамі, піламі ды іншым рыштункам. Вось што распавёў пра талаку Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Асноўная прычына, гэта тое, што надышла вясна, добрае надвор’е. Можна зрабіць такую прыборку і дарабіць тое, што мы не дарабілі ўвосень. І гэты дзень напярэдадні Радаўніцы, дзень для беларусаў сьвяты, я думаю, што гэта таксама дастаткова важна. Я спадзяюся, што, нягледзячы на малыя сілы, нешта ўдасца зрабіць”.

Удзельнікі талакі прыбіралі сьмецьце й рамантавалі паламаныя вандаламі крыжы.

Вацлаў Арэшка лічыць, што галоўнай курапацкай праблемай цяпер ёсьць зацьвярджэньне пляну ахоўных зонаў мэмарыялу. Вядома, што фірма “Вігэўрабуд” хоча пабудаваць у непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў пасёлак катэджаў пад назваю “Сонечны”. Будаўніцтва пакуль не пачалося толькі таму, што Дэпартамэнт захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны ня вызначыў ахоўнай зоны мэмарыялу.

Паводле праекту, распрацаванага яшчэ паўгоду таму “Асацыяцыяй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”, ахоўная зона вакол Курапатаў мусіць складаць 300 мэтраў. Прадстаўнікі фірмы “Вігэўрабуд” і чыноўнікі Дэпартамэнту гавораць, што шырыня гэтай ахоўнай паласы можа быць зьменшаная.

Удзельнік талакі археоляг Мікола Крывальцэвіч лічыць, што Курапаты можа абараніць толькі актыўная пазыцыя многіх людзей:

(Крывальцэвіч: ) “Я думаю, што ізноў будзе ўсё залежаць ад ступені грамадзкай актыўнасьці. Наколькі людзі ізноў здолеюць зразумець, што існуе пагроза Курапатам. І наколькі праявіцца людзкая актыўнасьць. Ад дарогі спрабавалі абараніць — нешта атрымалася, хаця й не зусім тое, чаго хацелася. Я спадзяюся, што рэзананс будзе вялікі, людзі зьбяруцца й абароняць гэтае месца ад усіх пагрозаў, якія існуюць для Курапатаў”.

У Курапатах па-ранейшаму можна ўбачыць людзей, якія ладзяць там пікнікі, выгульваюць сабак. Улады ж зусім ня дбаюць пра падтрыманьне на тэрыторыі мэмарыялу парадку. Таму актывісты ініцыятывы самі ўсталёўвалі вакол урочышча шыльды з надпісам: “Урочышча Курапаты. Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–40-х гадоў. Гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ахоўваецца дзяржавай”. Каля шыльдаў спыняліся жыхары навакольных дамоў. Гаворыць спадарыня Надзея:

(Надзея: ) “Цяпер такі народ, такія дзеткі, што не ўказаць. Павінна ахоўвацца, павінна. Рабіце дзеткі, што зможаце”.

А тым часам ва ўрочышча прыйшла група падлеткаў зь півам. Вось якая ў мяне зь імі адбылася размова:

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці ведаеце вы, што гэта за месца?”

(Хлопец: ) “Пэўна ж ведаю. Я тут недалёка жыву. Гэта Курапаты — месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў”.

(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, ці можна тут арганізоўваць пікнікі, сядзець, адпачываць на могілках?”

(Хлопец: ) “Наколькі я ведаю, у тым месцы, дзе мы цяпер знаходзімся, магілаў няма. Магілы там далей. Мы тут пікнікі не арганізоўваем. Проста прыйшлі папіць піва, думаю, нічога страшнага ў гэтым няма. Проста прыйшлі на прыродзе пасядзець”.

(Ягоны сябра: ) “Нельга пікнікі на могілках арганізоўваць”.

Актывісты курапацкай ініцыятывы гавораць, што будуць дамагацца, каб у самы бліжэйшы час тэрыторыя мэмарыялу была агароджаная.