“ВІГЭЎРАБУД” ХОЧА ПАСАДЗІЦЬ ЛЯ КУРАПАТАЎ БЯРОЗЫ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня зранку Курапаты наведала экспэртная камісія: вядучы спэцыяліст Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мікола Дайнэга, прадстаўнік Таварыства абароны помнікаў пісьменьнік Алесь Рыбак ды навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная. Якраз у гэты час рабочыя прадпрыемства “Вігэўрабуд” усталёўвалі чарговыя тычкі на полі, прылеглым да ўрочышча. Гаворыць Мікола Дайнэга:

(Дайнэга: ) “Мы тут бачым тычкі, гэта ўжо лічыцца пачаткам будаўніцтва. І гэтым парушаецца закон і распараджэньне выправіць парушэньні заканадаўства, падпісанае пракурорам Менскай вобласьці, аб забароне любых будаўнічых працаў на тэрыторыі, прылеглай да гісторыка-культурнай каштоўнасьці. А яны пачаліся. Зараз мы складзем пратакол аб парушэньнях заканадаўства, потым дадзім распараджэньне “Вігэўрабуду” і ўсё гэтае перадамо ў абласную пракуратуру. Яны парушаюць заканадаўства, мала таго, яны яшчэ парушаюць рашэньне Менскага райвыканкаму, які абязаў іх ня ладзіць ніякіх работаў без зацьверджаньня праекту ахоўных зонаў”.

Рабочыя прадпрыемства “Вігэўрабуд” распавялі Радыё Сабода, якую задачу паставіла перад імі кіраўніцтва:

(Рабочы: ) “Нашая задача — адступіць 100 мэтраў ад зоны ды засадзіць бярозкамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто прыняў гэтае рашэньне?”

(Рабочы: ) “Ня мы. У нас ёсьць начальства, якое вырашае ды плаціць нам грошы. Нам сказалі, мы прыехалі й будзем гэта рабіць. А калі рабіць? Вясна… Заўтра можа быць позна”.

Сёньня ж адбылося чарговае паседжаньне грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, на якой абмяркоўвалася сытуацыя з будаўніцтвам. Актывісты ініцыятывы ўжо зьвярнуліся зь лістамі да нямецкай амбасады ў Беларусі, а таксама Беларускую гандлёва-прамысловую палату ў Ляйпцыгу з тым, каб высьветліць, што за кампанія зьбіраецца будаваць жытло ля могілак. Актывісты не выключаюць, што ў выпадку, калі будаўніцтва будзе распачатае, яны наладзяць акцыі супраціву — ад пікетаваньня офісаў будаўнічых кампаніяў да акцыяў непасрэдна ў Курапатах.

Сёньня ж Беларуская партыя свабоды й Малады Фронт зрабілі супольную заяву з патрабаваньнем спыніць геадэзічныя й інжынэрныя працы ў непасрэднай блізкасьці да Курапатаў. “У краіне хапае месца для прыватных сядзібаў і без магілаў тысяч забітых беларусаў”, — гаворыцца ў заяве.