ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ ПАВОДЛЕ ФАКТУ ВАНДАЛІЗМУ Ў КУРАПАТАХ

Ганна Соусь, Менск

Як паведаміў сёньня Радыё Свабода начальнік Бараўлянскага аддзяленьня міліцыі Генадзь Васілеўскі, факт вандалізму ў Курапатах будзе расьсьледаваны ў рамках ўзбуджанай крымінальнай справы.

У ноч з 24 па 25 сьнежня невядомыя вандалы пашкодзілі мэмарыяльны знак “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці”, так званую лаву Клінтана. Гэтаксама былі паламаныя некалькі дзясяткаў крыжоў з магілаў й Крыжовай алеі. Зараз сьледчыя Бараўлянскага аддзяленьня міліцыі расьсьледуюць гэтае здарэньне. Пашкоджаныя крыжы пакрысе аднаўляюць актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, чыімі намаганьнямі й паўстала большасьць курапацкіх крыжоў.

Сёньня ў Курапатах я сустрэла Рацібора Бягуна. Цяпер у яго школьныя вакацыі, і Рацібор наведвае ўрочышча некалькі разоў на дзень, правярае — ці ўсё ў парадку. Прыкладам, сёньня Рацібор заўважыў, што на дарожнай агароджы вісіць ручнік з аднаго з курапацкіх крыжоў, і вярнуў яго на месца. Рацібор Бягун усьцешаны тым, што міліцыя нарэшце пачне дасьледаваць дзеяньні вандалаў у Курапатах.

(Бягун: ) “Зараз міліцыя будзе рабіць выгляд, што спрабуе знайсьці тых злачынцаў, хто гэта зрабіў. У апошнія дні асаблівых здарэньняў тут не было. У навагоднюю ноч прыходзілі сюды з хлопцамі — у Курапатах была цішыня й спакой, дзякуй Богу. Будзем яшчэ назіраць і чакаць. Кожны дзень рэгулярна сюды прыходзяць людзі, аглядаюць. Курапаты цяпер пад пільным наглядам”.

І як падцьверджаньне словаў Рацібора Бягуна , літаральна празь некалькі хвілінаў у Курапаты прыйшлі два мужчыны сталага ўзросту. Пэнсіянэр спадар Павал не хаваў свайго абурэньня вандалізмам у Курапатах.

(Павал: ) “Я думаю, які ўрад, такі й парадак. Калі б у нас быў добры ўрад, дык Курапаты б ня рылі. А гэта зрабілі, можа, падасланыя людзі, якія яму служаць, каб зьдзекавацца зь людзейі”.

Думку спадара Паўла працягвае пэнсіянэр спадар Васіль:

(Васіль: ) “У мяне бацьку забралі ў 1937 годзе, і я прыходжу сюды таму, што тут, магчыма, ягоныя косткі ляжаць. Калі б улады былі зацікаўленыя, гэтае месца агарадзілі б, але ж няма зацікаўленасьці. Улады хочуць пахаваць усё тое, што тут адбывалася й адбываецца”.

7 студзеня на праваслаўныя Каляды ў Курапатах адбудуцца талокі. А палове адзінаццатай сюды прыйдуць сябры Маладога Фронту й Беларускай партыі свабоды, а а дванаццатай гадзіне ва ўрочышчы зьбяруцца актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Усе яны маюць намер аднавіць крыжы, паламаныя невядомымі вандаламі.