УДЗЕЛЬНІКІ ПРЭЗЭНТАЦЫІ КНІГІ “ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ” ЛІЧАЦЬ, ШТО КУРАПАЦКІ ЧЫН БЫЎ ПЕРАМОГАЙ МОЛАДЗІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

На прэзэнтацыю кнігі аднаго рэпартажу “Дарога праз Курапаты” прыйшло каля 300 чалавек. У асноўным гэта самі маладыя курапацкія валанцёры, людзі, што дапамагалі ім несьці вахту, а таксама пісьменьнікі, палітычныя ды грамадзкія дзеячы, журналісты й прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. Імпрэза была арганізаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам.

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук так патлумачыў, чаму гэтая кніга пабачыла сьвет:

(Лукашук: ) “Незвычайнасьць самога факту журналісцкай працы — рэпартажу з аднаго месца на працягу такога доўгага часу ўяўляе цікавасьць з пункту гледжаньня журналістыкі. Але, безумоўна, яшчэ большую цікавасьць яна мае з пункту гледжаньня самой падзеі й таго, што адбылося.

У Курапатах мы сёньня маем рэальную перамогу дэмакратычных сілаў Беларусі, апазыцыі. Рэальную перамогу моладзі, заўтрашняй Беларусі над Беларусяй учорашняй. І гэтае адчуваньне перамогі — гэта заўсёды сьвята. І мне здаецца, што яно цалкам заслугоўвае быць зафіксаваным у выглядзе кнігі, а ня толькі эфэмэрных радыёхваляў”.

На думку дырэктара нашай службы, яшчэ прыйдзе час, калі Курапаты стануць такім жа нацыянальным нэкропалем, як могілкі Пэр-Ляшэз у Парыжы ці Арлінгтонскія ў Вашынгтоне.

Пра перамогу моладзі над цемрашальствам уладаў, што вялі праз Курапаты кальцавую дарогу, а таксама пра важнасьць выхаду кнігі сёньня казалі многія выступоўцы. Вось што сказаў віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру пісьменьнік Валянцін Тарас:

(Тарас: ) “Гэты дакумэнт гістарычны, безь перавелічэньня. І прыйдзе час, калі гэта будзе адзін з асноўных дапаможнікаў па гісторыі Курапатаў. Сурагатная дзяржава, што называе сябе беларускай, яна будзе ўшаноўваць памяць забойцаў. Мы будзем ушаноўваць памяць Курапатаў. І я думаю, што будучыня за тым, што стаіць вакол Курапатаў. Таму што сёньня з Курапатамі душой і сэрцам зьвязаная сапраўдная Беларусь”.

Гэтую думку падтрымлівае й лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, які сам нямала начэй правёў у курапацкім намёце:

(Севярынец: ) “Вельмі важна, што зьявілася гэтая кніга. Гэта незвычайна — рэдка калі такая сьвежая гісторыя дакумэнтуецца й рэгіструецца. Тым больш важна, што гэтая кніга пра Курапаты. Пра тое месца, што ёсьць знакавым для беларусаў. І ахвярным, і пакутным, і месцам уваскрасеньня нацыянальнага руху. Хвала Богу, што ёсьць людзі, якія гатовыя гэта рабіць. Вялікі дзякуй Радыё Свабода і тым людзям, хто дапамог выпусьціць гэтую кніжку”.

На сёньняшняй прэзэнтацыі выступалі Вячаслаў Сіўчык, Сяржук Высоцкі, Аляксей Марачкін, Мікола Крывальцэвіч, Вацлаў Арэшка, Жана Літвіна ды іншыя вядомыя людзі, якія казалі, што курапацкая абарона дала новы штуршок для ажыўленьня апазыцыі, пра тое, што ва ўрочышчы паўстае народны мэмарыял, дзякавалі нашаму радыё за інфармацыйную падтрымку курапацкага чыну.

Кіраўніца гэтага мэмарыялу Мая Кляшторная аднак нагадала, што абарона яшчэ ня скончаная, бо над Курапатамі навісла новая пагроза — будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча катэджнага пасёлку. Курапацкія валанцёры пасьля казалі, што гатовыя ў разе патрэбы аднавіць сваю вахту.

Аднак сёньня яны больш разважалі пра тое, наколькі важным было іхнае папярэдняе змаганьне. Гаворыць валанцёры Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў, якія знаходзіліся ў Курапатах амаль усе восем з паловай месяцаў абароны:

(Поклад: ) “Тое, што адбылося, гэта вельмі добра ўзьдзейнічае на людзей. Мы дэманструем, што ёсьць людзі, якія робяць ад душы тое, што патрэбна рабіць”.

(Парфянкоў: ) “Нарэшце людзі змаглі цьвёрда сказаць рэжыму “не”. Мы ня згодныя з гэтым рэжымам, і мы будзем адстойваць права на волю да канца, і як бы ні было, мы ўсё роўна пераможам”.

Удзельнікі імпрэзы дзякавалі ня толькі моладзі за іхны чын, але й актывістам грамадзкай ініцыятывы “Ў абарону Курапатаў”, а таксама згадвалі абаронцаў мэмарыялу Сяргея Грахоўскага, Уладзімера Кармілкіна й Анатоля Татарскага, якія ўжо пайшлі з гэтага сьвету. Прэзэнтацыя закончылася прэм’ерай старой песьні гурту “Уліс” “Радыё Свабода”, выкананай у новай аранжыроўцы.