АКЦЫЯ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ АДБЫЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ

Ганна Соўсь, Менск

Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у краінах былога Савецкага Саюзу адзначаюць з 1991 году, і прымеркаваны ён да ўгодкаў галадоўкі палітзьняволеных мардоўскіх лягераў, якая адбылася 30 кастрычніка 1974 году. Што да беларускага аспэкту гэтай даты, то тут варта ўзгадаць лёс паэта Тодара Кляшторнага.

Яго растралялі 65 гадоў таму 30 кастрычніка 1937 году менавіта тут, у Курапатах. Сёньня ягоная дачка, навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная наведала ўрочышча. Для яе гэта вельмі сумны дзень яшчэ й таму, што зараз добра бачныя ўсе наступствы пашырэньня менскай кальцавой дарогі ў Курапатах. Ад сьцёкавай трубы ў бок Крыжа "Пакутнікам Беларусі" прарытая канава, і ўся вада накіроўваецца ў лес. Гэта вельмі непакоіць цяпер Маю Кляшторную.

Сярод тых, хто наведаў сёньня Курапаты – мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч. 15 гадоў таму, гэтаксама 30 кастрычніка, на Дзяды разам з тысячамі людзей яна ішла дарогай на Курапаты.

(Трыгубовіч: ) "Гэта было вельмі люднае й вельмі страшнае відовішча. Тады ўпершыню стаялі гэтыя вадамёты, былі міліцыцэйскія шэрагі. Тады былі вялікія арышты, быў ужыты сьлезацечны газ. Гэта было ўсё упершыню ў Менску. Пасьля гэтых падзеяў Адамовіч назваў Беларусь Вандэяй перабудовы. Беларусь увесь час уваходзіць у сусьветны кантэкст, у інфармацыйную прастору такім страшнымі, гвалтоўнымі акцыямі. Курапаты фігуравалі як паняцьце, як тэрмін, як сымбаль палітычных рэпрэсіяў савецкага часу. Потым гэтая Вандэя перабудовы пайшла. Цяпер, калі куды-небудзь едзеш і згадваеш, што ты зь Беларусі, то ўсе адразу – о, Лукашэнка".

Сёньня Валянціна Трыгубовіч разам з другімі актывістамі грамадзкай ініцыятывы вырашыла наведаць некалькі месцаў масавых пахаваньняў у Менску. Гаворыць прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" Сяргей Сахараў:

(Сахараў: ) "Зараз мы пойдзем ужо па традыцыі ў парк Чалюскінцаў, каб і там ускласьці кветкі й запаліць сьвечкі. Пойдзем туды абавязкова й 7 кастрычніка. Думаю, што й ў Лошыцу нехта й сёньня прыйшоў. Гэта справа выбару і сумленьня кожнага. Калі чалавек лічыць патрэбным і знаходзіць час дзеля ўшанаваньня памяці... Думаю, што ў каго не атрымалася, усё адно, што сёньняшні дзень мусіць быць у памяці кожнага дзеля таго, каб гэта больш не паўтарылася".

Адметна, што сёньня, у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, у Курапатах побач з тымі людзьмі, якія ўскладалі кветкі й запальвалі сьвечкі, знаходзіліся й невядомыя асобы ў цывільным. Варта нагадаць, што год таму ў Курапатах – гэтаксама 30 кастрычніка – міліцыянты затрымалі археоляга Міколу Крывальцэвіча. Ён быў адным з ініцыятараў усталяваньня крыжа па беларускіх археолягах, забітых карнікамі НКВД. Паводле культуроляга Вацлава Арэшкі, гэта вельмі адметныя рысы цяперашняй сытуацыі, калі палітычныя рэпрэсіі – гэта ня толькі гісторыя, але й сучаснасьць.

(Арэшка: ) “Гэты дзень ня быў прыдуманы кімсьці звонку, яго пачалі адзначаць самі палітвязьні ў 1974 годзе, вязьні мардоўскіх і іншых лягераў Савецкага Саюзу. Палітвязьні адзначылі яго галадоўкай. Сама дата была прывязаная хутчэй да 7 лістапада, да кастрычніцкага перавароту, які даў пачатак усім гэтым масавым рэпрэсіям. Пачынаючы з 1974 году практычна ўвесь савецкі пэрыяд у лягерах ён адзначаўся галадоўкамі, акцыямі, а затым пры канцы 1980-х стаў адзначацца ў Савецкім Саюзе больш шырока. У 1991 годзе ўрад СССР зрабіў гэты дзень каляндарным, праўда, назвалі яго ня днём палітвязьняў, а днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, і традыцыя гэтая захавалася практычна ўва ўсім постсавецкім рэгіёне, хаця афіцыйна гэты дзень прызнаны толькі ў Расеі.

У Беларусі другі год мы стараемся распаўсюджваць інфармацыю пра гэты дзень. Я думаю, што гэтая традыцыя вельмі добрая, яна захавалася на ўсёй постсавецкай тэрыторыі, і можа быць, зь цягам часу гэта будзе міжнародны дзень. Асноўнае, чаму гэты дзень так мала вядомы яшчэ – проста сам факт таго, што палітычныя рэпрэсіі на сёньня ўсё менш і менш вядомыя шырокаму колу грамадзтва, у першую чаргу, моладзі. Гэта зьвязанае з палітычнай сытуацыяй, з тым, што зьмяняюцца школьныя праграмы, праграмы вышэйшай школы, і якраз тут мы бачым вялікае поле для сваёй дзейнасьці. Мы выдалі кніжку пра Курапаты, стараемся як мага больш пашыраць гэтыя веды пра рэпрэсіі, памяць пра тое, што адбывалася. І гэты дзень ёсьць нагодаю прыцягнуць увагу грамадзтва да палітычных рэпрэсіяў, якія – што хаваць – у нас, у Беларусі адбываюцца і зараз”.