Сёньня ў Курапаты прыйшлі валанцёры, якія цягам васьмі месяцаў удзень і ўначы дзяжурылі ва ўрочышчы: Павал Севярынец, Васіль Парфянкоў, Ірына Вяткіна, Сяржук Высоцкі, Цімох Атрошчанкаў, Зьміцер Касьпяровіч ды іншыя актывісты. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец узгадвае леташні вечар 24 верасьня:
(Севярынец: ) “Год таму, фактычна ў гэты самы час, зьявіліся ў Курапацкім урочышчы восем актывістаў Менскай рады Маладога Фронту, якія прывезьлі сюды крыжы, каб устанавіць іх на шляху бульдозэраў, якія руйнавалі старыя крыжы і памятныя шыльды. І гэтыя восем чалавек жывым ланцугом сталі перад бульдозэрамі. Няшмат у жыцьці я перажыў, і памятаю, ня толькі ў мяне, але і ў тых людзей, хто ўсталёўваў крыжы і хто чуў гэткі ж самы шум, які зараз стаіць у нас увушшу – працавалі бульдозэры, - усе яны проста адзін аднаму ціха сказалі: “Ну што, трэба станавіцца. Нікуды мы адсюль ня пойдзем”.
Сёньня, як і год таму, у Курапатах працуе будаўнічая тэхніка. Як і год таму, тут робяць будаўнікі з Магілёва. Як і год таму, многія зь іх на падпітку.
На пляцоўцы ля Крыжа Пакутнікам Беларусі стаіць вада. Сёньня будаўнікі адпампоўвалі ваду пасьля дажджу з другога боку дарогі, і ў выніку плынь вады празь сьцёкавую трубу палілася ўва урочышча.
Пашырэньне дарогі ля Курапатаў адбылося. Лідэр беларускай Партыі свабоды Сяржук Высоцкі мяркуе, што тым ня менш доўгатэрміновая акцыя моладзі ў Курапатах дасягнула выніку:
(Высоцкі: ) “І ня верце тым, хто кажа, што гэта прайшло ўсё марна. Марных ахвяраў і марнай барацьбы не бывае. За гэты час было абуджанае грамадзтва, і ўпершыню на гэтым тле, на гэтым бязьвер’і – такая фантастычная акцыя, такая дэманстрацыя нацыянальнай волі. Другое: гэта было абуджэньне беларускай моладзі”.
Працягвае кіраўнік Цнянскай рады Маладога Фронту Зьміцер Касьпяровіч. Летась 24 верасьня ён адным зь першых прыйшоў у Курапаты.
(Касьпяровіч: ) “Я хацеў бы выказаць асаблівую падзяку Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі, якая, з аднаго боку, не ўступала ні ў якія ініцыятывы за выратаваньне Курапатаў, але з другога боку, зрабіла вельмі важную справу – народны мэмарыял, той, які зараз ёсьць. Зараз ёсьць крыжы”.
Сёньня ў Курапатах быў і Алесь Поклад – валанцёр, які моцна пацярпеў ад апёкаў пасьля падпалу намёта і некалькі месяцаў правёў у шпіталі.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы цяпер сябе адчуваеце?”
(Поклад: ) “Нармалёва амаль што. Я адразу як выйшаў зь лякарні, адразу прыехаў сюды. Гэта амаль што маё жыцьцё. Тыя людзі, якія побач са мной – яны як браты і сёстры”.
Побач са мной знаходзіцца Павал Севярынец. Ён падсумоўвае вынікі вахты памяці моладзі, якая доўжылася восем месяцаў:
(Севярынец: ) “Восем месяцаў моладзь бараніла Курапаты і даводзіла, што ёсьць сіла, гатовая адстойваць і памяць, і права нацыі на жыцьцё. Менавіта за гэтыя восем месяцаў Курапацкі Крыж зноў стаў сыстэмай каардынатаў для беларускага грамадзтва. Менавіта сёньня, калі незалежнасьці Беларусі зноў пагражае небясьпека, гэта своеасаблівы вокліч, своеасаблівы сыгнал. Абаронцы Курапатаў зноў зьбіраюцца разам, таму што цяпер трэба абараняць незалежнасьць”.
Валанцёры ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, расклалі вогнішча і запалілі сьвечкі перад крыжамі. І засьпявалі “Магутны Божа”. У часе, калі валанцёры сьпявалі “Магутны Божа”, па кальцавой дарозе праехаў картэж машынаў з танаваным шклом. На чорным “мэрсэдэсе” быў усталяваны чырвона-зялёны сьцяжок. Магчыма, гэта Аляксандар Лукашэнка аглядаў, як ідзе будаўніцтва кальцавой дарогі.