ЖДАНОВІЦКАЕ ЛЯСЬНІЦТВА ЗЬБІРАЕЦЦА ВЫСЕКЧЫ ЧАСТКУ ДРЭВАЎ УЗДОЎЖ ДАРОГІ ЛЯ КУРАПАТАЎ

Ганна Соусь, Менск

У Курапатах сёньня разгарэўся чарговы канфлікт. Распавядае актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Сёньня нечакана прыехалі са Ждановіцкага лясьніцтва чалавек дзесяць з прыладамі, як быццам, касіць траву, але былі й зь піламі таксама. Абвесьцілі, што трэба гэтае сьмецьце прыбраць і паказваюць на крыжы, што паставілі людзі яшчэ ўвосень уздоўж дарогі. А таксама лес, сосны, якія бліжэй, чым пяць мэтраў да дарогі. Я сказаў, што мы не дамо гэта рабіць у Курапатах. Увогуле на гэтай плошчы, што мы самі ўсё зробім. Мы дазволілі ім скасіць траву тут вакол. Дык вось яны зараз з таго боку дарогі рэжуць лес”.

На той момант прадстаўнікі Ждановіцкага лясьніцтва ўжо высеклі частку кустоў і палілі іх у вогнішчы. Я зьвярнулася па тлумачэньні да лясьнічага Ждановіцкага лясьніцтва Сяргея Макоўскага.

(Макоўскі: ) “Мы зьбіраліся прыбраць сухія, паламаныя дрэвы. Напрыклад, паглядзіце – нармальнае дрэва і побач непрыгожае, ссохлае. Яно хутка загіне. Прыбярэм зламаныя дрэвы й прыгожа зробім. Касмэтычна зробім”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі дрэваў трэба высекчы?”

(Макоўскі: ) “Ня ведаю. Колькі атрымаецца. Тут – мала. Адзінкі, тыя, што сухастойныя і гінуць. Маштабнай высечкі тут ня будзе. Прыбіраем крыху зламаныя кусты, на 2 мэтры, і спальваем. І ўсё”.

У Курапатах зьявіліся два новыя крыжы ад беларусаў з Амэрыкі Францішка Бартуля й Пятра Драбышэўскага.

Надоечы яны зьвярнуліся да актывісткі грамадзскай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вялянціны Тыгубовіч з просьбаю вырабіць і ўсталяваць ад іхнага імя крыжы ў Курапатах, каб ушанаваць памяць бязьвінна забітых тут людзей. Францішак Бартуль і Пятро Драбышэўскі перадалі грошы на гэтую справу. І ўчора Валянціна Трыгубовіч разам з Уладзімерам Кішкурнам усталявалі два крыжы з надпісамі “Ахвярам генацыду” блізу “лавы Клінтана”.

У Курататы штодня прыходзяць самыя розныя людзі. Сёньня я сустрэла тут Алега Гнедчыка, аднаго з валанцёраў, які браў актыўны ўдзел у вахце памяці моладзі ў Курапатах. Пасьля вахты памяці ён прыходзіць ва ўрочышча раз на тыдзень. Другім маім суразмоўцам стаў пэнсіянэр спадар Лявон.

(Спадар Лявон: ) “Гэта ж тут ляжаць людзі, якія загінулі за Беларусь. Сталінскі рэжым іх зьнішчыў і паклаў тут. А тыя хочуць усё тут зруйнаваць. Як быццам, нічога ў нас не было, было ўсё ціха-мірна. А гэта ня так. І наступныя пакаленьні павінны ведаць, калі мы здолеем гэта захаваць, што не ўсё ў нас было гладка”.

На месцы, дзе будуецца праваслаўная капліца, цяпер дзейнічае лягер-паселішча “Спаскае падвор’е” ад менскага Сьвята-Ўваскрошанскага прыходу. Там стаяць намёты, у іх жывуць каля дзесяці чалавек. У асобным намёце ладзяцца набажэнствы. Я бачыла, як жанчыны ў хустках гатавалі ежу на вогнішчы. Блізу намётаў стаіць чырвоны аўтамабіль. Брамы ў лягер зачыненыя, паселішча ахоўвае сабака. Ад размоваў з карэспандэнткай Радыё Свабода жыхары лягеру “Спаскае падвор’е” адмовіліся.