У суботу ад раніцы на тэрыторыі Курапатаў уздоўж ляснога масіву працавала будаўнічая тэхніка. Самазвалы сыпалілюць жвір, за імі ішлі грэйдэры. Будаўнікі з Магілеву, якія тут працуюць, ня хочуць называць свае імёны і пасады.
(Будаўнік: ) "Тратуарная дарожка будзе, тратуар."
(Соўсь: ) "Вы ведаеце пра тое, што гэта тэрыторыя мэмарыялу і тут забаронена весьці земляныя працы. Гэта не дазваляе й Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны..."
(Будаўнік: ) "Ня ведаю. У мяне ёсьць праект, і я працую паводле яго. Будзем класьці тратуарную плітку да капліцы."
(Соўсь: ) "А хто фінансуе будаўніцтва дарогі да капліцы?"
(Будаўнік: ) "Гэта закладзена ў праекце. Камітэт па будаўніцтве... Гэты тратуар будзе шырынёй 4 мэтры."
Будаўнік дадае, што ў панядзелак яны плянуюць вывезьці трубы з тэрыторыі мэмарыялу.
У суботу ў Курапатах сябры Кансэрватыўна-Хрысьціяскай партыі БНФ наладзілі чарговую талаку. Актывісты абураліся, тым, што робяць будаўнікі ва ўрочышчы. Гаворыць Тацьцяна Цяцёркіна.
(Цяцёркіна: ) "Я лічу, што гэта наўмысна робіцца дзеля таго, каб працягнуць разбурэньне Курапатаў. Бо такая шырокая дарога тут непатрэбная дакладна."
Мяркуе Тацьцяна Цяцёркіна. Ёйную думку працягвае Уладзімер Юхо.
(Юхо: ) "Сёньня ў нас пачынаецца чарговая талака, будзем, як і заўсёды, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Вырашылі яшчэ пасадзіць кветкі ля Крыжа Пакутаў. Зазар мы назіраем за тым, як сюды ў ахоўную зону ўвялі тэхніку, і пачалі грэйдэрам счышчаць верхні слой зямлі, хаця гэтае ўжо было зроблена, і прывозіць жвір. Тут нас непакоіць, што на пляцоўцы ляжаць трубы, іх паабяцалі прыбраць. А калі там будзе пакладзеная плітка, то невядома як будзе вывезьці трубы. Таму мы й ня верым, што застанецца ў пакоі гэтае сьвятое месца ля Крыжа Пакутаў."
Мяркуе Уладзімер Юхо.
Актывісты КХП БНФ заўважылі, што за апошнія месяцы ўжо асфальтаваная дарога крыху прасела, ня вытрымала яна і моцнай залевы - асфальт размыла, праваліліся адхілы. На думку Валера Буйвала, участак дарогі ля Курапатаў будзе небясьпечным для кіроўцаў.
(Буйвал: ) "Былі парушаныя ўсе будаўнічыя нормы, якія існуюць яшчэ з часоў старажытнай Сырыі, Вавілону. Узімку не трамбуецца зямля. Тым больш, што мы тут назіралі, як падвозілі цэлыя самазвалы ня проста зямлі са сьнегам, а сьнегу з зямлёй. Усё гэта няякасная праца. І таму будучыні гэтая дарога не мае. Яе сама стыхія размые, праваліць. Трэба проста будзе папярэдзіць кіроўцаў і пасажыраў пра тое, што гэта небясьпечны ўчастак камунікацыяў".