Сёньня раніцай у Курапатах было спакойна. Будаўнікі нават не спрабавалі распачаць нейкія працы на галоўнай пляцоўцы мэмарыялу, куды ўчора былі прывезеныя бэтонныя трубы. З самай раніцы ў Курапаты прыйшоў сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо й дзьве актывісткі партыі. Яны сказалі, што вырашана праводзіць ва ўрочышчы сталыя дзяжурствы, каб не дапусьціць пракладкі трубаў праз курапацкую пляцоўку.
Гаворыць Уладзімер Юхо:
(Юхо: ) “Трубы, якія ўчора завезьлі, ляжаць. Бачна, што ўсё гэта было зроблена брутальным чынам. Грэйдэрам зламаныя невялічкія перашкоды — слупкі ўкапаныя з боку мікрараёну Зялёны Луг. Каля галоўнага крыжа “Пакутнікам Беларусі” пашкодзілі брук, які стаяў ужо 13 гадоў. Яны парушылі нават тыя дамовы, што былі заключаныя з грамадзкімі арганізацыямі”.
Абаронцы Курапатаў гавораць, што не дазволяць праводзіць на пляцоўцы будаўнічыя работы. Сёньня яны накіравалі ва ўрад ліст з патрабаваньнем неадкладна спыніць пракладку трубаў водаадводу, якая пагражае затапленьнем Крыжу пакутаў і курапацкім магілам. Актывісты КХП БНФ перакананыя, што такім чынам улады проста хочуць зьнішчыць народны мэмарыял.
Актывістаў КХП БНФ асабліва абурае тое, што падобныя працы праводзяцца ў той час, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком UNESCO Каітырам Мацуурам.
Тым часам галоўны інжынэр праекту кальцавой аўтадарогі Мікалай Крачэтнікаў сьцьвярджае, што ягонае ведамства хоча зрабіць як лепей для Курапатаў. Маўляў, пасьля пракладкі трубы вада ня будзе заліваць галоўную пляцоўку, як гэта было раней. Аднак, калі гэтага ня хочуць людзі, будаўнікі могуць і не рабіць калектар. Гаворыць Мікалай Крачэтнікаў:
(Крачэтнікаў: ) “Мы гатовыя больш нічога не рабіць акрамя таго, што там ужо зроблена. Гэта проста нашае жаданьне акультурыць пляцоўку, зрабіць так, каб людзі туды змаглі нармальна прыйсьці. Тое, што цяпер ёсьць у Курапатах, ніяк не перашкаджае нам распачаць рух па дарозе”.
Думкі спэцыялістаў у справе пракладкі калектару падзяліліся. Вядомы археоляг з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Мікола Крывальцэвіч лічыць, што трэба пагадзіцца на пракладку праз курапацкую пляцоўку трубы, але пад пільным кантролем грамадзкасьці.
Навуковая кіраўнічка мэмарыялу Курапаты Мая Кляшторная, наадварот, лічыць, што трубу ў гэтым месцы пракладаць няварта. Сёньня яна зьвярнулася ў дзяржаўны Дэпартамэнт у справе захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны з патрабаваньнем выдаць афіцыйную пастанову наконт пракладкі ў Курапатах воднага калектару.